Мінабароны выпадкова выдала "ваенную тайну"
Войска, ілюстрацыйнае фота / Мінск-Навіны
Стала вядома частковая колькасць вайскоўцаў у Беларусі, прычым з разбіўкай па рэгіёнах. Такую "ваенную тайну" выдала само Мінабароны, абвясціўшы адкрыты конкурс на паслугі па арганізацыі харчавання асабістага складу воінскіх часцей.
Выданне "Флагшток" параўнала лічбы за некалькі гадоў: у архіве захаваліся аналагічныя закупкі з 2020 года. Высветлілася, што сумы на харчаванне вайскоўцаў апошнія гады павялічваліся, але агульная колькасць тых, хто праходзіць праз войска за год, скарацілася.
Верагодна, гаворка ідзе пра вайскоўцаў тэрміновай службы, якія прызываюцца на працягу года — за выключэннем унутраных войскаў і Памежнага камітэта, якія не ўваходзяць у структуру Мінабароны. Таксама "Флагшток" выключыў з разлікаў кантрактнікаў і грамадзянскіх службоўцаў, якія не харчуюцца за кошт бюджэту.
У 2026 годзе Мінабароны плануе пракарміць 5 млн 299 тыс. 800 чал/год асабістага складу вайсковых часцей. На гэта вылучаецца 93 млн 66 тыс. 196 рублёў (больш за 32,2 млн долараў). Калі падзяліць на колькасць дзён у годзе, атрымаецца 14 тыс. 520 чалавек. Як мяркуецца, столькі навабранцаў прызавуць сёлета ў вайсковыя часці Мінабароны.
Раней афіцыйна паведамлялася, што ў вясновы і восеньскі прызывы штогод у войскі адпраўляюць прыкладна па 10 тысяч чалавек (гаворка ідзе не толькі пра часці Мінабароны, але і ўнутраных войскаў, і Памежнагакамітэта).
Найбольшая колькасць вайскоўцаў на працягу года будзе знаходзіцца ў вайсковых частках Мінска і Мінскай вобласці — 2 млн 663 тыс. 40 чал/год. На другім месцы ідзе Гродзенская вобласць — 829 тыс. 280 чал/год. Трэцяе месца займае Віцебская — 693 тыс. 500 чал/год. За ёй ідзе Брэсцкая — 690 тыс. 580 чал/год. У Магілёўскай налічваецца 309 тыс. 520 чал/год. Менш за ўсё вайскоўцаў налічваецца ў Гомельскай вобласці — 113 тыс. 880 чал/год.
Гэтыя лічбы істотна знізіліся ў параўнанні з 2020-м. Тады вылучаліся грошы на харчаванне 5 млн 947 тыс. 500 чал/год, або 16 тыс. 250 чалавек.
Больш за ўсё за апошнія гады зменшылася колькасць вайскоўцаў у Мінску і Мінскай вобласці. У 2020 годзе тут куплялі харчаванне для асабістага складу вайсковых часцей з разліку 3 млн 34 тыс. 750 чал/год. У Гродзенскай вобласці колькасць амаль не змянілася — 854 тыс. чал./год. У Віцебскай — 747 тыс. 250 чал/год., у Брэсцкай — 854 тыс. чал./год., у Гомельскай — 183 тыс. чал./год.
Адзіны рэгіён, дзе колькасць вайскоўцаў вырасла ў параўнанні з 2020-м, — Магілёўская вобласць. Шэсць гадоў таму ў вайсковых частках закуплялі харчаванне з разліку 274 тыс. 500 чал/год. У 2024-м колькасць вайскоўцаў тут рэзка вырасла — больш за 350 тыс.чал/год. (Улетку 2023-га ў Расіі адбыўся бунт Прыгожына, пасля якога вайскоўцы ПВК "Вагнер" былі выведзеныя ў Беларусь і сталі лагерам у Асіповіцкім раёне Магілёўшчыны.) Потым яна таксама стала зніжацца.
Прааналізаваўшы статыстыку, "Флагшток" заўважыў, што перад расійскім уварваннем у 2022 годзе колькасць прызыўнікоў знізілася амаль на 11%, у 2023 годзе — яшчэ больш, на 14,5%. Пасля гэтага пачаўся рост, але ў 2026 годзе колькасць прызыўнікоў зноў зменшылася.
Дарэчы, сума аднаго дня харчавання прызыўніка вырасла амаль удвая: у 2020-м яна складала 8,7 рубля, а ў 2026-м — 16,8 рубля.