Беларуская армія ўдзельнічала ва ўварванні ва Украіну?
Такую інфармацыю правярае ініцыятыва BELPOL / ТАСС
— Лукашэнкаўскія войскі напрыканцы лютага 2022 года ўдзельнічалі ва ўварванні ва Украіну. Пакуль гэта, скажам так, інфармацыя, якая патрабуе праверкі, але яна ўжо сама па сабе моцна змяняе кантэкст, — сцвярджае ў эфіры Еўрарадыё прадстаўнік BELPOL Уладзімір Жыгар. — Усё тое, што раней гучала на ўзроўні чутак — маўляў, “што вы прыдумляеце, адкуль там беларусы, калі хтосьці і быў, дык гэта, можа, пераапранутыя расіяне” — цяпер выглядае інакш. Цяпер з’яўляюцца іншыя даныя. Мы зараз удакладняем гэтую інфармацыю.
На пытанне рэдактара Еўрарадыё Змітра Лукашука, наколькі сам Жыгар лічыць гэта магчымым, Уладзімір адказаў так:
— Думаю, што цалкам можа быць. Мы заўсёды трымаліся ад гэтай тэмы крыху ўбаку, таму што не было пацверджаных фактаў. Чуткі і размовы — гэта не тое, на чым можна будаваць сур’ёзныя высновы. Але цяпер у нас ёсць звесткі, якія хутчэй схіляюць мяне да “так”, чым да “не”. І гэта сур’ёзны момант, таму што, акрамя ўсяго астатняга, узнікае яшчэ адна акалічнасць: Лукашэнка — ваенны злачынца, — кажа Жыгар.
Якія наступствы могуць наступіць, калі інфармацыя пацвердзіцца? Уладзімір лічыць, што настануць складаныя часы ў тых, хто схільны ісці на нейкія дамоўленасці з рэжымам Лукашэнкі.
— І ў гэтай сітуацыі людзям, якія спрабуюць гаварыць пра нейкую легітымізацыю рэжыму, трэба быць надзвычай асцярожнымі. Таму што тады ўжо не атрымаецца раздзяляць: вось ёсць рэжым, які ўдзельнічае ў вайне, а ёсць беларусы, якія не ўдзельнічаюць. Усё можа выглядаць інакш, і многія рэчы, на якіх сёння будуюцца заявы некаторых людзей, могуць вельмі хутка абрынуцца, — упэўнены Уладзімір Жыгар.