Кампанія Yara будзе ўзгадняць з Ціханоўскай вяртанне да супрацы з Мінскам

Свейн Турэ Хольсетэр і Святлана Ціханоўская ў Давосе

Свейн Турэ Хольсетэр і Святлана Ціханоўская ў Давосе / прэс-служба Ціханоўскай

На Сусветным эканамічным форуме ў Давосе Святлана Ціханоўская 21 студзеня сустрэлася са Свейнам Турэ Хольсетэрам — прэзідэнтам і CEO кампаніі Yara International. Пра гэта паведамляе прэс-служба лідаркі беларускіх дэмсілаў.

Гэтая кампанія была адным з галоўных партнёраў Беларуськалія і пакупніком калійных угнаенняў з Беларусі. Пасля падзеяў 2020 году, хвалі рэпрэсій у Беларусі і ўдзелу лукашэнкаўскага рэжыму ў поўнамаштабным уварванні Yara спыніла супрацоўніцтва з Мінскам. Акрамя таго, кампанія падтрымала беларускія прафсаюзы і рэпрэсаваных рабочых. 

У гутарцы Ціханоўская і Хольсетэр абмеркавалі сітуацыю вакол санкцыяў на калійныя ўгнаенні. Згадалі яны і верагоднасць аднаўлення супрацы з Беларуссю. Хольсетэр падкрэсліў, што рашэнні па вяртанні да супрацы з афіцыйным Мінскам Yara будзе ўзгадняць з Ціханоўскай і дэмакратычнымі сіламі. 

У сваю чаргу Ціханоўская выказала спадзяванне, што Yara абавязкова вернецца ў Беларусь, калі пачнуцца дэмакратычныя змены. Яна дадала, што цяпер супраца з Мінскам будзе ўмацоўваць рэжым Лукашэнкі, а грошы ад продажу ўгнаенняў пойдуць на вайну і рэпрэсіі. Ціханоўская падзякавала Yara за прынцыповую пазіцыю, за падтрымку працоўных і незалежных прафсаюзаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.