“Раз на некалькі гадоў такія зімы могуць паўтарацца”. Кліматолаг — пра зіму-2026
Зіма ў Беларусі / LookByMedia
Апошнія некалькі тыдняў над Беларуссю пануюць моцныя снегапады і маразы. Такой зімы беларусы не бачылі ўжо шмат гадоў, а некаторыя нават кажуць, што гэта анамальнае надвор’е.
Сапраўды? Чаму так склалася, і пры чым тут глабальнае пацяпленне? На гэтыя і іншыя пытанні Еўрарадыё адказаў кліматычны эксперт.
Цяперашняе надвор’е — “не экстрэмальнае”
Рэзкае пахаладанне ў Беларусі стала вынікам супадзення некалькіх атмасферных працэсаў, якія часта ўзнікаюць зімой, але не заўсёды адначасова. Калі яны накладаюцца — холад становіцца моцным і ўстойлівым, кажа Уладзіслаў Шумак, эксперт альянсу “Зялёная Беларусь”.
— Цяпер над рэгіёнам усталяваўся моцны антыцыклон, які блакіруе заходні атлантычны перанос цёплага паветра, і менавіта ён забяспечыў начное выхалоджванне. І атрымалася, што па ўсходзе гэтага антыцыклону адбылося пранікненне сухога і вельмі халоднага сібірскага паветра. Гэты працэс называецца халодная адвекцыя — то-бок паветра з больш халодных рэгіёнаў масава перамяшчаецца.
Па словах эксперта, звычайна ўзімку Беларусь атрымлівае мяккае паветра з Атлантыкі, а цяпер гэты заходні перанос вельмі аслаб. І ў выніку халоднае паветра застойваецца. Снег таксама значна ўзмацняе маразы.
— Да таго ж пры ясным небе і слабым ветры халоднае паветра асядае ў прыземным слоі — утвараюцца інверсіі, калі ў далінах і нізінах тэмпература можа быць на 10 градусаў ніжэйшай, чым на вышынях.
Для Беларусі цяпер сітуацыя такая: антыцыклон плюс халодная адвекцыя плюс снежны покрыў забяспечваюць моцныя маразы. Гэта класічны сцэнар зімовага пахаладання, добра вядомы з метэаралагічных архіваў, але гэта неэкстрэмальна.
“Змяніўся рэжым, а не сам факт зімы”
Уладзіслаў Шумак кажа, што цяперашнія маразы часткова звязаны з глабальным змяненнем клімату, якое не азначае адсутнасць холаду.
— Глабальныя змяненні клімату робяць надвор’е больш кантрасным і нестабільным. Так што моцныя маразы не адмяняюць глабальнага змянення клімату, а проста ўкладваюцца ў новую, больш нестабільную карціну.
А змены ў агульнай цыркуляцыі атмасферы спрыяюць частым блакіравальным антыцыклонам і даўжэйшаму трыванню аднолькавага надвор’я — альбо вельмі халоднага, альбо вельмі гарачага.
А чаму становіцца больш снегу? Таму што ў больш цёплым клімаце паветра ўтрымлівае больш вільгаці, кажа кліматолаг.
— Даказана, што змены клімату прыводзяць да павелічэння колькасці вільгаці ў атмасферы, прыходзяць тэмпературы ніжэйшыя за 0 градусаў — і вільгаць выпадае ў выглядзе інтэнсіўных снегападаў. У Беларусі адбываюцца рэдкія, але моцныя снегапады.
Атрымліваецца, што зімы цяпер менш марозныя, але маразы становяцца рэзкімі і кантраснымі. Гэта стварае ўражанне, што раней так не было, хаця на самой справе змяніўся рэжым, а не сам факт зімы.
Што чакаць ад зімы далей?
Хутчэй за ўсё бесперапынных маразоў не будзе — халады будуць паступова змяняцца пацяпленнямі.
— Для Беларусі ход падзей такі: кароткатэрміновыя перыяды маразоў яшчэ могуць вяртацца, асабліва ўначы і пры ясным небе. Але будуць з’яўляцца і адлігі, калі тэмпература будзе вагацца каля нуля. Тады будзе ўзмацняцца ў тым ліку і вецер, і воблачнасць. Так што замест моцных маразоў прыйдуць мокры снег і галалёд.
Пра сельскую гаспадарку
Халоднае надвор’е, безумоўна, аказвае ўплыў і на сельскую гаспадарку. Уладзіслаў Шумак лічыць, што маразы і снегапады могуць як абараніць расліны, так і нашкодзіць ім.
— Для азімых культур сітуацыя хутчэй спрыяльная, калі няма крайнасцей. Для жыта, пшаніцы і трыцікале шмат снегу — гэта плюс, таму што снежны покрыў дзейнічае як цеплаізалятар. Ён трымае тэмпературу глебы каля мінус 1–4 градусаў. Так што пры снезе каля 10–20 сантыметраў гэта добра. Ну а калі снег будзе раставаць, то ўзрастуць і рызыкі, бо мароз без снегу — гэта небяспека.
Яшчэ існуе праблема ледзяной коркі, якая ўтвараецца пасля адлігі і паўторнага марозу, таму што яна перашкаджае доступу кіслароду да раслін. І калі такі лёд трымаецца 30–40 дзён, расліны могуць задыхацца.
Таксама трэба памятаць, што снегапады забяспечваюць запас вады на вясну, што вельмі добра для росту яравых культур, а таксама змяншае рызыку вясновых засух.
Але пры гэтым рэзкае пацяпленне ўвесну можа спрыяць вымыванню карысных рэчываў з глебы.
Ці будуць такія зімы ў наступныя гады?
Уладзіслаў Шумак кажа, што цяпер ёсць агульная тэндэнцыя на цёплыя зімы, але халодныя ўсплёскі перыядычна будуць узнікаць.
— Класічныя марозныя зімы сапраўды сталі больш рэдкімі, чым у 20 стагоддзі. Але раз на некалькі гадоў такія зімы могуць паўтарацца: з моцнымі маразамі і моцным снежным покрывам.