Беларуска паскардзілася на здзекі з брата ў магілёўскай турме
фатаздымкі Аляксея Гарбунова з турмы / з праўладнага тг-канала
Беларуска ў TikTok 13 студзеня запісала відэаролікі, у якіх паскардзілася на здзекі з свайго брата Аляксея Гарбунова ў магілёўскай турме №4.
"Увесь сіні. Пасля канцлагера людзі выглядалі нашмат лепш, чым зараз утрымліваюцца ў гэтай турме. З сінякамі, знаходзіцца ўвесь час у ШІЗА без матраца, спіць на падлозе ў майцы і майтках. На руках — апёкі ад цыгарэт", — заявіла жанчына.
Адзін з прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў назваў яе словы хлуснёй і паказаў здымкі вязня, каб даказаць, што з ім усё ў парадку. Праўда, гэтыя здымкі з'явіліся праз 10 дзён пасля агучаных прэтэнзіій — 22 студзеня. Акрамя таго, аўтарку ролікаў назвалі "экстрэмісткай".
Паглядзеўшы здымкі, беларуска запісала новы відэаролік, звярнуўшы ўвагу, што нават на размешчаных фота відаць, што ў мужчыны засталіся сінякі. Асноўныя яе прэтэнзіі прапагандысцкі тг-канал і ўвогуле праігнараваў.
Таксама жанчыну абурыла тое, што яе сведчанне прапагандысты запісалі ў фэйкі.