У магілёўскай ПК-15 забароняць турэмнае адзенне, пашытае ў атэлье
ПК-15 / mogilev.media
З 1 студзеня 2026 году набудуць моц новыя негалосныя правілы — асуджаных папярэджваюць пра іх ужо цяпер. У магілёўскай папраўчай калоніі №15 забароняць адзенне, пашытае ў вонкавых атэлье.
Наўзамен адміністрацыя ПК-15 плануе адкрыць краму турэмнага адзення на сваёй тэрыторыі. Плаціць за вопратку трэба будзе сваякам вязняў — шляхам пералічэння сродкаў на рахунак калоніі, піша канал праваабаронцаў “Вясны” з Магілёва Mayday.
Справа ў тым, што цяпер ПК апранае вязняў у камплект адзення нізкай якасці. Сінтэтычныя тканіны становяцца “шклянымі” ў халодную пару года і “не дыхаюць” у спякоту. Таму сваякі асуджаных аддаюць перавагу заказваць камплект робы ў некаторых атэлье, якія спецыялізуюцца на падобнай вопратцы. У саміх атэлье ведаюць правілы для кожнай калоніі і могуць вырабіць адзенне “пад ПК-15”.
Такая ж забарона на робу з атэлье ў верасні была ўведзена у шклоўскай ПК-17.