Палітвязень Арцём Лябедзька трапіў у ШІЗА
Арцём Лябедзька на судзе / БЕЛТА
У івацэвіцкай папраўчай калоніі №22 "Воўчыя Норы" масава ўзмацнілі ціск на палітвязняў, паведамляюць праваабаронцы. Агулам у гэтай калоніі знаходзяцца не менш за 59 палітвязняў.
Сярод тых, хто трапіў у ШІЗА (штрафны ізалятар) у "Воўчых Норах", ёсць таксама Арцём Лябедзька. Гэта сын Анатоля Лябедзькі — дарадцы Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкай супрацы.
ШІЗА ў калоніі, як паведамляюць былыя палітвязні, не ацяпляецца. У цяперашнія маразы змяшчэнне ў такое памяшканне можна параўнаць з катаваннямі.
Арцёма асудзілі 24 жніўня 2023 года за данаты: яму прызначылі тры з паловай гады калоніі паводле артыкула аб "фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці". Да затрымання хлопец не займаўся палітыкай і працаваў у прыватнай сферы.