Ціханоўская і яе Офіс пакуль працуюць у Вільні — Вячорка
Франак Вячорка / Еўрарадыё
Святлана Ціханоўская і яе Офіс пакуль працуюць у Вільні, а не ў Варшаве, як паведамілі СМІ.
Пра гэта ў каментары выданню "Позірк" заявіў дарадца палітыка Франак Вячорка. Ён заклікаў дачакацца афіцыйнага паведамлення па гэтай тэме. Пры гэтым Вячорка пацвярджае інфармацыю, што падрыхтоўка да пераезду ў Варшаву сапраўды вядзецца.
Тым часам крыніца выдання Rzeczpospolita сцвярджае, што прычынай канфлікту паміж літоўскім бокам і Офісам Ціханоўскай стаў Пашпарт Новай Беларусі: літоўцам не спадабалася наяўнасць у дакуменце герба Пагоня.
Да таго ж алею ў агонь падліваў новы ўрад, у які ад нядаўняга часу ўваходзіць правапапулісцкая партыя "Зара над Нёманам". "Некаторыя палітыкі гэтай фракцыі ўстаўлялі палкі ў колы Офісу Ціханоўскай, сабатавалі многія яе крокі. Гэта яны яе тут дабілі", — кажа суразмоўца выдання.
Літва знізіла ўзровень аховы Святланы Ціханоўскай на пачатку кастрычніка мінулага года, што стала нечаканасцю для каманды палітыка.
"Ёй далі толькі нумар тэлефона паліцыі і папрасілі тэлефанаваць у выпадку небяспекі. Тлумачылі гэта тым, што ў іх няма дастатковай колькасці супрацоўнікаў для кругласутачнай абароны", — сцвярджае крыніца польскага выдання.