Польшча паведаміла пра парушэнне паветранай прасторы з боку Беларусі
Радар, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Уначы 28 студзеня польскія вайскоўцы зафіксавалі, што з боку Беларусі паветраную прастору Польшчы парушылі некалькі аб'ектаў. Пра гэта 29 студзеня паведамляе польскае Аператыўнае камандаванне відаў Узброеных сіл.
Адзначаецца, што палёт гэтых аб’ектаў "без перапынку адсочваўся вайсковымі радыёлакацыйнымі сістэмамі УС Польшчы”. Над Падляшскім ваяводствам часова забаранялі палёты грамадзянскай авіяцыі. Польскія вайскоўцы падкрэсліваюць, што дзеянні "мелі прэвентыўны характар".
Хутчэй за ўсё праз мяжу перапраўляліся метэазонды з кантрабанднымі цыгарэтамі.
"На падставе праведзеных аналізаў, якія ўключалі, у тым ліку, характарыстыкі палёту, хуткасць і кірунак перамяшчэння аб’ектаў, было зроблена заключэнне, што гэта былі, найбольш верагодна, аб’екты балоннага тыпу, якія перамяшчаліся ў адпаведнасці з метэаралагічнымі ўмовамі. Пагрозы бяспецы паветранай прасторы Рэспублікі Польшча не зафіксавана", — адзначае польскае Аператыўнае камандаванне.
Гэты запуск метэазондаў польскі бок ацэньвае як "дзеянні гібрыднага характару, з якімі Польшча сутыкаецца на ўсходнім кірунку".
На мінулым тыдні беларускага часовага паверанага выклікалі ў МЗС Польшчы. Ад Беларусі патрабавалі тлумачэнняў наконт прылёту ў краіну 150 паветраных шароў у ноч на 17 студзеня.