Аэрапорт Вільні ў аўторак закрываўся тройчы за вечар
Метэазонды з кантрабандай / VRM
Увечары 27 студзеня міжнародны аэрапорт Вільні закрываўся тройчы праз прылёт метэазондаў з кантрабандай з боку Беларусі. Пра гэта паведаміў кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі Вілмантас Віткаўскас. Закрыццё закранула больш за 1700 пасажыраў.
"Важна адзначыць, што гэтая ноч, мабыць, была самай інтэнсіўнай за ўвесь гэты год: мы зафіксавалі на нашых радарах у агульнай складанасці 42 выпадкі", — расказаў ён у каментары Радыё LRT.
Паводле звестак Віткаўскаса, да раніцы атрымалася знайсці восем кантрабандысцкіх паветраных шароў, а таксама выяўленыя рэшткі некалькіх шароў. Былі затрыманыя чатыры чалавекі.
Ён выказаў здагадку, што кантрабандысты актывізаваліся з ведама беларускага рэжыму. Паводле Віткаўскаса, сёлета літоўскі бок на працягу шасці дзён фіксаваў на радарах кантрабандысцкія метэазонды, але не ў такой колькасці. "Гэта былі, магчыма, дзесяць-дваццаць выпадкаў, гэта сапраўды невялікая колькасць, і яна зусім не ўплывала на бяспеку нашай паветранай прасторы", — кажа ён.
Перад гэтым апошні раз Віленскі аэрапорт закрываўся праз пагрозу кантрабандысцкіх шароў у паветры летась 6 снежня.