Грамадзянін Ірака трапіў пад суд у Літве за перапраўку мігрантаў з Беларусі

Мяжа Беларусі і Літвы, ілюстрацыйнае фота

Мяжа Беларусі і Літвы, ілюстрацыйнае фота / LRT

У Літве пад суд трапіў грамадзянін Ірака. Яго вінавацяць у арганізацыі канала незаконнай міграцыі.

Сцвярджаецца, што ў 2021 годзе ён незаконна пераправіў з Беларусі ў Літву не менш за 37 сваіх суайчыннікаў. Справу будзе разглядаць Віленскі акруговы суд.

Як паведамляе Генпракуратура Літвы, злачынствы адбыліся ў перыяд з красавіка па ліпень 2021 года "з карыслівых меркаванняў" і ў складзе арганізаванай групы. Саўдзельнікі абвінавачанага, як сцвярджаецца, знаходзіліся ў Іраку, Турцыі, Беларусі, Літве і Германіі.

Іракец, які быў у Беларусі, каардынаваў план і дзеянні па перапраўцы замежнікаў праз мяжу. Ім абяцалі, што пасля Літвы арганізуюць далейшую дастаўку ў краіны Заходняй Еўропы. Як мяркуюць у пракуратуры, за свае паслугі група мусіла атрымаць узнагароду не менш за 65 тысяч долараў.

Абвінавачанага затрымалі пры канцы 2024 года ў Арменіі паводле еўрапейскага ордара на арышт. У верасні 2025-га яго экстрадавалі ў Літву. Там ён знаходзіцца пад вартай.

Дарэчы, аднаго з саўдзельнікаў мужчыны ўжо асудзілі. 7 лютага 2024 года Віленскі акруговы суд прызнаў грамадзяніна Ірака вінаватым у арганізацыі незаконнай перапраўкі людзей праз мяжу і прысудзіў яму 2 гады і 8 месяцаў пазбаўлення волі з памяншэннем тэрміну на адну траціну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.