ЗША дапамагаюць Літве ў сітуацыі з фурамі з Беларусі — прэм'ер краіны

Інга Ругінене

Інга Ругінене / Žygimantas Gedvila /| Elta

Злучаныя Штаты дапамаглі Літве развязаць сітуацыю з кантрабанднымі метэазондамі з Беларусі. Цяпер ЗША дапамагаюць у справе вызвалення літоўскіх фур, якія не выпускаюць з Беларусі. Пра гэта расказала прэм'ер-міністр Літвы Інга Ругінене.

Кіраўніца ўраду падкрэсліла, што Штаты не толькі не ціснулі на Літву з патрабаваннем аслабіць санкцыі супраць Беларусі, але і загадзя папярэдзілі пра сваё рашэнне па калійных угнаеннях.

"Не тое, што ціску — не было нават прамацвання. Не было зусім ніякай размовы. Адзінае, калі мы сустракаліся перад іх выездам у Беларусь, яны папярэдзілі, што "мы пра гэтую тэму будзем з Беларуссю гаварыць, але гэта не тычыцца вас". Такое я ад іх пачула, і больш мы на гэтую тэму не казалі", перадае Delfi словы Ругінене.

Таксама кіраўніца ўраду падкрэсліла дапамогу ЗША ў спыненні метэазондаў з кантрабандай, якія ляцелі з беларускай тэрыторыі. Праз гэтыя палёты перыядычна былі вымушаныя закрывацца літоўскія аэрапорты. Прыпыніць інтэнсіўнасць гэтай гібрыднай атакі, паводле Ругінене, дазволілі закрыццё мяжы Літвой і намаганні ЗША.

Цяпер Літва разам са Штатамі вядзе працу па вызваленні літоўскіх фураў, якім не дазваляюць пакінуць Беларусь: "Мы кантактуем і працуем кожны дзень. І не толькі наконт транспартнага сектара. Вы бачылі, што перад Калядамі людзі з Беларусі былі вызваленыя з турмаў, палітычныя зняволеныя. Ёсць шмат пытанняў, якія мы наладжваем з амерыканцамі, і гэтая праца будзе ў далейшым таксама актыўная".

Пры гэтым кіраўніца ўраду паскардзілася, што літоўскія асацыяцыі перавозчыкаў з лістапада не могуць даць поўную і дакладную інфармацыю, колькі менавіта машын застаюцца ў Беларусі і ці вывезены груз. Яна дадала, што бізнесоўцаў папярэджвалі аб рызыках, якія нясуць паездкі ў Беларусь. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.