Лукашэнка паабяцаў амерыканцам больш не запускаць шары ў бок Літвы
Вільна / LRT
Пасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джон Коул паведаміў, што Аляксандр Лукашэнка паабяцаў спыніць запускі паветраных шароў з Беларусі ў Літву.
— Нядаўна ён пагадзіўся зрабіць усё магчымае, каб спыніць гэтыя шары, — сказаў Коул у каментары агенцтву Reuters пасля двух дзён перамоваў з Лукашэнкам.
— Я думаю, што на гэта спатрэбіцца пэўны час, але, на маю думку, гэтую праблему можна вырашыць. Ён хоча нармальных адносін з суседзямі — так ён мяне запэўніў, — заявіў Коул.
Літва абвінавачвае Беларусь у правядзенні "гібрыднай атакі" шляхам садзейнічання гэтай дзейнасці і ўвяла надзвычайнае становішча. Шары неаднаразова спынялі працу аэрапорта ў Вільні.
Лукашэнка заяўляў, што Літва перабольшвае маштаб праблемы.