Літва не адновіць транзіт угнаенняў, пакуль з Беларусі ляцяць метэазонды
Гітанас Наўседа
Пра аднаўленне транзіту беларускіх угнаенняў праз Літву не можа быць і гаворкі, пакуль з Беларусі ляцяць кантрабандныя метэазонды. Пра гэта журналістам заявіў прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа.
"Гэтыя размовы абсалютна не маюць пад сабой падстаў і не будуць мець іх зусім, пакуль хоць адзін шар з беларускага боку будзе ляцець у Літву", — перадае LRT словы Наўседы.
Літоўскі прэзідэнт паведаміў, што ЗША пасля масавага прылёту метэазондаў у аўторак выказалі афіцыйнаму Мінску жорсткую пазіцыю: такія дзеянні могуць паставіць пад пагрозу працэс паляпшэння двухбаковых стасункаў.
Як паведамлялася раней, увечары ў аўторак з Беларусі ў Літву ляцела некалькі дзясяткаў аэрастатаў з кантрабандай — найбуйнейшая колькасць сёлета. У выніку працу аэрапорта ў Вільні давялося спыняць тройчы.
На сур'ёзныя праблемы з прылётам кантрабандысцкіх метэазондаў Літва пачала скардзіцца летась. Праз іх перыядычна даводзілася спыняць працу аэрапортаў. Колькасць інцыдэнтаў істотна знізілася пасля перамоваў Злучаных Штатаў з рэжымам Лукашэнкі пра вызваленне часткі палітвязняў і адмену амерыканскіх санкцый супраць беларускіх калійных угнаенняў.