Я падтрымліваю Ціханоўскую ўсім сэрцам — Калеснікава
Марыя Калеснікава / Gordon Welters/FT
Экс-палітзняволеная Марыя Калеснікава па-ранейшаму падтрымлівае дэмакратычную лідарку Беларусі Святлану Ціханоўскую, але мяркуе, што ў апазіцыі павінны быць прадстаўленыя розныя меркаванні. Пра гэта яна расказала ў інтэрв'ю нямецкаму выданню Die Zeit, заўважыла выданне "Зеркало".
Калеснікава выступае за зняцце санкцый з рэжыму Лукашэнкі ў абмен на вызваленне палітзняволеных і аслабленне рэпрэсій. У інтэрв'ю яна паўтарыла заклік да еўрапейскіх чыноўнікаў вывесці беларусаў з санкцыйнай ізаляцыі. Прадстаўніца выдання зазначыла, што еўрапейскія палітыкі асцерагаюцца, што гэты крок умацуе рэжым Лукашэнкі і дапаможа Пуціну ў вайне супраць Украіны.
"Я бачу гэта зусім наадварот. Чым больш Беларусь самастойна выбудоўвае адносіны з заходнімі краінамі, тым хутчэй яна дыстанцуецца ад Расіі", — адказала Калеснікава.
Як вядома, Святлана Ціханоўская і яе палітычнае атачэнне выступаюць за санкцыйны ціск. Калеснікава прызнала разыходжанні з меркаваннем "іншай часткі апазіцыі". Але, на яе думку, гэта "не значыць, што адзін з нас мае рацыю, а другі не". Яна падкрэсліла важнасць супольных намаганняў у дасягненні адной мэты — вярнуць Беларусь "да нармальнага жыцця" і магчымасці для беларусаў, якія пакінулі краіну праз рэпрэсіі, вярнуцца на радзіму.
"Я вельмі паважаю Святлану. Тое, што яна робіць, неацэнна. І яна дапамагла столькім беларусам. Але існаванне розных меркаванняў — гэта прынцып дэмакратыі. Чым вальней мы, тым мацней. Інакш было б так, як быццам існуе толькі адно правільнае меркаванне. Мы ведаем, як гэта працуе ў Беларусі і ў Расіі", — заявіла Калеснікава.
Яна дадала, што Ціханоўскую "падтрымлівае ўсім сэрцам".