Беларуска ў Мінесоце: “Калі вы спытаеце, ці страшна мне, я адкажу — страшна”
“Нічога не кажы — і праблем не будзе. Але я не дзеля гэтага 15 гадоў таму з’ехала з Беларусі”. Інтэрв’ю з беларускай у Мінеапалісе
/ Euroradio
Беларуска Святлана Волд жыве ў ЗША ўжо 15 гадоў. Яна больш не выходзіць на прагулку без пашпарта. Святлана выйграла грын-карту ў 2011 годзе, але з прыходам да ўлады Дональда Трампа вырашыла, што грын-карты недастаткова, каб адчуваць сябе ў бяспецы. Муж параіў ёй атрымаць амерыканскае грамадзянства падчас першага тэрміну Трампа.
Цяпер і ў Святланы, і ва ўсіх членаў яе сям’і ёсць грамадзянства ЗША — але яна ўсё роўна не адчувае сябе ў бяспецы. Яна валанцёрыць і дапамагае Украіне, але ў ЗША ёй давялося прыбраць таблічку ў падтрымку Украіны каля свайго дома. Яна не баіцца ехаць на ўсход Украіны, але баіцца, што агенты міграцыйнай службы могуць уварвацца ў дом, калі там будуць яе дочкі.
У той жа час амерыканцы ў знак салідарнасці вешаюць на свае аўто і дамы сцягі іншых краін, каб заблытаць міграцыйных агентаў. А настаўнікі школы, куды ходзіць дачка Святланы, асабіста развозяць па дамах дзяцей з мексіканскіх і самалійскіх сем’яў, каб іх бацькам не даводзілася падвяргаць сябе небяспецы і выходзіць на вуліцу.
Усё гэта адбываецца ў тым самым горадзе, дзе з пачатку года агенты міграцыйнай службы (ICE) застрэлілі двух чалавек. Мы пагаварылі са Святланай пра тое, як жыццё ў Мінеапалісе на працягу некалькіх месяцаў стала да спалоху падобным на жыццё ў Беларусі, і пра тое, як горад супраціўляецца гэтай трансфармацыі.
“Маўчалі, калі прыйшлі па чорных. А цяпер, калі прыйшлі і па белых, яны крычаць “каравул!”.
— Святлана, што зараз адбываецца ў Мінеапалісе?
— У нас ёсць групы ініцыятыўных людзей, і многіх я ведаю асабіста. Як і падчас пратэстаў у Беларусі, гэтых людзей на пратрампаўскіх тэлеканалах спрабуюць паказаць як наркаманаў, алкаголікаў, дармаедаў. Усё гэта няпраўда. На пратэсты выходзяць такія ж людзі, як я, выходзяць мае знаёмыя, выходзяць неабыякавыя і адукаваныя людзі.
Я асабіста хадзіла на No Kings Protest (“Не каралям”), мае сябры таксама хадзілі, і я ведаю, хто там быў. Былі людзі ў інвалідных калясках, былі карэнныя амерыканцы, былі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. І ўсе яны выйшлі сказаць адно — мы не хочам караля. Я ганаруся тым, што за 15 гадоў жыцця ў ЗША я змагла пасябраваць з людзьмі, якія зараз у вольны час патрулююць вуліцы, ездзяць па горадзе на аўто з уключанымі рэгістратарамі, каб зафіксаваць беззаконне ICE.
А вось неадукаваныя людзі якраз уступаюць у рады ICE, і робяць гэта дзеля грошай. Яны далучаюцца да гэтай службы, жадаючы адчуць уладу, а таксама праз назапашаную злосць за той час, калі ім нельга было выступаць з расісцкімі выказваннямі, калі нельга было ненавідзець ЛГБТ‑супольнасць. Цяпер у іх ёсць улада, цяпер у іх ёсць імунітэт — і яны гэтым карыстаюцца.
У нас вельмі вялікая рускамоўная супольнасць, і многія з яе галасавалі за Трампа. На жаль, у гэтай супольнасці таксама шмат гамафобаў, людзей, якія выступаюць за абмежаванне правоў жанчын, шмат расістаў. Просты прыклад: некаторыя выхадцы з постсавецкіх краін да гэтага часу выкарыстоўваюць слова “негр”. Гэта значыць, людзі з’ехалі з “саўка”, але прывезлі “савок” з сабой.
Цяпер яны пачынаюць разумець, што галасавалі не за тое, што атрымалі, і самі больш не адчуваюць сябе ў бяспецы. Калі некалькі тыдняў таму да нас прыехалі агенты ICE, яны (рускамоўныя эмігранты) усміхаліся і смяяліся. Маўляў, гэта ж прыехалі па самалійцаў, давайце-давайце! А аказалася, што ICE забіралі і нашых. І гэта ўжо адрознівалася ад таго, чаго яны хацелі.
Колькасць белых імігрантаў з постсавецкай прасторы, якія былі арыштаваны проста на вуліцы, калі развозілі ежу, выходзілі з царквы або везлі дзяцей у школу, сапраўды вялікая. І ты разумееш, што з табой можа быць тое ж самае. Пытанне не ў колеры скуры. Пытанне ў тым, згаджаешся ты (з палітыкай Трампа) ці не.
— Чакайце, гэта значыць, нават эмігранты выступалі супраць іншых эмігрантаў?
— Памятаеце ходкую ў нас фразу? “Калі прыйшлі па камуністаў, я маўчаў, бо я не камуніст. Калі прыйшлі па яўрэяў, я маўчаў, бо я не яўрэй…” І вось калі тут прыйшлі па самалійцаў, многія маўчалі або ўсміхаліся. Маўчалі, калі прыйшлі па чорных, па мексіканцаў. А цяпер, калі прыйшлі і па белых, яны крычаць “каравул!”.
Нядаўна ў detention center (цэнтр утрымання пад вартай) забралі жанчыну з Малдовы, маму трох дзяцей, якая ішла ў царкву. У яе былі аформлены ўсе дакументы, але яе ўсё роўна пасадзілі ў кайданках на халодную падлогу і трымалі некалькі сутак.
Людзі, якія яшчэ не атрымалі грамадзянства ЗША, сталі афармляць даверанасці на знаёмых з грамадзянствам, каб у іх дзяцей на ўсялякі выпадак былі апекуны. Людзі не разумеюць, што будзе з іх дамамі, якія яны ўжо купілі тут, калі іх забяруць у detention center. Вось такая карціна.
— Мы ўсе ловім сябе на думцы, што перастаём хадзіць у рэстараны — проста на ўсялякі выпадак. Асабліва тыя з нас, у каго ў сям’і ёсць people of color (людзі з іншым колерам скуры). Ніхто не адчувае сябе абароненым, асабліва меншасці.
Мы карыстаемся картамі, на якіх людзі ў рэжыме анлайн пазначаюць месцы, дзе бачылі агентаў. У нас у горадзе папулярныя свісткі. Іх бясплатна раздаюць у барах. Людзі свішчуць, калі бачаць агентаў, каб паведаміць адзін аднаму, каб людзі з групы рызыкі ведалі, што ICE блізка.
Але я нагадаю: забіты агентамі ICE Прэці не трымаў у руках пісталет, у яго ў руках быў тэлефон. А ў тым, каб проста мець пры сабе пісталет, калі ходзіш па вуліцах горада, у якім ты не адчуваеш сябе ў бяспецы, я нічога дрэннага не бачу.
— Чаму агенты ICE баяцца тэлефонаў, нібыта гэта пісталеты?
— Таму што не хочуць, каб іх апазналі. У іх ёсць сем’і, яны разумеюць, што калі іх апазнаюць, гэта будзе ганьба на ўсё астатняе жыццё. Таму паліцэйскія ходзяць з адкрытымі тварамі, а агенты ICE — з закрытымі. Найбольш дзіўна для мяне бачыць за гэтымі маскамі чарнаскурых або мексіканцаў. Гэта настолькі камічна, што не паддаецца апісанню. Я не ведаю, кім трэба быць, каб сёння запісацца ў ICE. Магчыма, калісьці ў іх былі высокія стандарты, але не цяпер.
Нядаўна амерыканская журналістка рабіла рэпартаж пра тое, як за 6 хвілін трапіла на працу ў ICE. Яна — антытрампістка, але той, хто браў яе на працу, паленаваўся зазірнуць хаця б у яе сацыяльныя сеткі, не кажучы ўжо пра нейкі пільны адбор.
— Усё, што вы распавядаеце, абуджае столькі беларускіх флэшбэкаў… Пачынаючы з людзей у масках і заканчваючы спробамі Fox News паказаць пратэстоўцаў “наркаманамі і алкаголікамі”…
— Столькі паралелей! Калі ўсё толькі пачыналася, калі ICE спачатку прыехалі ў Каліфорнію, потым — у Чыкага, мае амерыканскія знаёмыя казалі адзін аднаму: звяртайце ўвагу на тое, што кажа Света, яна праз усё гэта ўжо прайшла.
“У амапаўцаў дубінкі і слёзатачывы газ, а ў агентаў ICE — сапраўдная зброя”.
— Другое забойства за месяц — і зноў у Мінеапалісе. Чаму ўсё гэта адбываецца менавіта ў вашым горадзе, у вашым штаце?
— Я чакала, што ICE прыйдуць у Мінесоту, бо справа зусім не ў нелегальных мігрантах. У нашым штаце, у параўнанні з Тэхасам ці Фларыдай, нелегальных мігрантаў зусім няшмат. Думаю, інтарэс Трампа да Мінесоты ўзнік яшчэ падчас выбарчай кампаніі, таму што наш губернатар Цім Уолц быў прэтэндэнтам на пасаду віцэ-прэзідэнта. Трамп такі ж злапамятны, як Пуцін і Лукашэнка. Яны робяць выгляд, што нічога не адбылося, а потым знаходзяць сваіх ворагаў і спрабуюць іх знішчыць.
Генпракурорка Пэм Бондзі напісала ліст нашаму губернатару Ціму Уолцу. У ім (сярод іншага) выстаўлена патрабаванне даць доступ да выбарчых спісаў Мінесоты. Яны хочуць атрымаць інфармацыю пра нашых жыхароў, даведацца, хто галасуе — і як. Бо ўжо шмат гадоў наш штат застаецца “сінім” (галасуе за дэмакратаў), і яны спрабуюць зрабіць усё, каб гэта змяніць.
Але я не думаю, што ў Мінесоце гэта магчыма. Большая частка насельніцтва штата — гэта гарадскія жыхары з твін-сіціз (Мінеапаліса і Сэнт-Пола). Але што здзіўляе: мая свякроў расказвае, што нават у Ту Харбарс — гэта зусім маленькі гарадок — людзі выходзяць на пратэсты супраць ICE. Як вам патлумачыць, што такое Ту Харбарс… Гэта дзесьці in the middle of nowhere (у глушы).
Некалькі дзён таму ў рамках пратэстаў у нас зачыніліся многія бізнесы. Гэта быў эканамічны пратэст. Каля 10 тысяч чалавек выйшлі на вуліцу, пры тым што ў нас было прыкладна –28 марозу. І ў той дзень ICE на вуліцах не было. Памятаеце, у нас жа АМАП таксама баяўся вялікага натоўпу?
— Чаму ICE цяпер дазваляюць сабе тое, чаго раней не дазвалялі?
— Раней, каб арыштаваць чалавека, яны мусілі прыйсці з ордэрам, падпісаным суддзёй. Цяпер гэтае правіла адмянілі, і ICE вырашылі, што маюць права выломваць дзверы ў любы дом.
Нядаўна дачка патэлефанавала мне з паркоўкі. Яна ехала атрымліваць вадзіцельскія правы, але баялася выйсці з машыны. Тэлефануе і кажа: “Мама, мне страшна”. Што здарылася? Сорак мужыкоў у масках, з аўтаматамі, высадзіліся на паркоўцы, каб забраць двух мексіканцаў, якія прыехалі на інтэрв’ю для атрымання грамадзянства. Яны не даюць людзям з грын-картамі прайсці апошняе інтэрв’ю — забіраюць іх проста з паркоўкі! Гэта не гісторыі з TikTok, я ў гэтым жыву.
Я заўсёды ганарылася тым, чым Амерыка адрозніваецца ад Беларусі. У Беларусі ты ходзіш і азіраешся. У апошні раз, калі я вылятала з Беларусі, я расслабілася толькі тады, калі самалёт узляцеў. Пакуль я была ў Амерыцы, я ведала, што ў гэтай краіне дэмакратыя. Але мы дайшлі да таго, што ICE нічым не лепшыя за наш АМАП. Толькі ў амапаўцаў дубінкі і слёзатачывы газ, а ў агентаў ICE — сапраўдная зброя.
Раней за расісцкія выказванні цябе маглі звольніць з працы, а цяпер мне здаецца, што мяне звольняць хутчэй за антытрампаўскія выказванні. І дзяржава спрыяе расізму. Пасля таго як Трамп памілаваў удзельнікаў штурму Капітолія, яны адчуваюць сябе цалкам беспакаранымі.
Але ўлада ўсё роўна зменіцца.
У Каліфорніі ўжо разглядаецца законапраект, які забараніў бы былым агентам ICE займаць пэўныя дзяржаўныя пасады. І я думаю, што гэта правільна. Яны нанеслі непапраўную шкоду федэральным службам.
Раней працаваць на федэралаў было something cool (чымсьці крутым). А цяпер дастаткова школьнага дыплома, каб стаць агентам, і нават крымінальнае мінулае не перашкаджае. І гэтыя людзі носяць зброю. У гэтых людзей ёсць сіла.
І ў выніку двух чалавек ужо няма. Іх забілі. А больш за сотню памерлі — пра гэта мала пішуць — у detention center. Калі вы мяне спытаеце, ці страшна мне, я адкажу — мне страшна.