Як змяніліся цэны на ЖКП? Палічылі на рэальных прыкладах

Падвышэнне камуналкі ў Беларусі

Падвышэнне камуналкі ў Беларусі / "Мінск-Навіны"

У Беларусі зноў даражэе камуналка. З 1 студзеня павысіліся тарыфы на ўсе жыллёва-камунальныя паслугі, акрамя ацяплення і гарачай вады — на іх цэны вырастуць з 1 чэрвеня.

Еўрарадыё паглядзела жыроўкі для двухпакаёвай і трохпакаёвай кватэры і падлічыла, як вырастуць цэны пры ранейшых аб’ёмах спажывання ўжо ў студзені 2026 года.

Як вырастуць цэны для двухпакаёўкі?

Возьмем двухпакаёвую кватэру ў Мінску плошчай 53,3 квадратнага метра.

Тарыф за тэхнічнае абслугоўванне вырас з 0,1932 рубля за квадратны метр да 0,2305 рубля. Атрымліваецца, што калі ў снежні выходзіла 10,30 рубля, то ў студзені вырасце да 12,29 рубля (рост на 19,3%).

З 0,2536 рубля да 0,2825 рубля падняўся тарыф за капітальны рамонт. Калі летась сума для гэтай кватэры складала 13,52 рубля, то цяпер стане 15,06 рубля (рост на 11,4%).

Кубаметр халоднай вады падаражэў з 1,7858 рубля да 2,2927 рубля. У нашым прыкладзе ў снежні выкарысталі 3 “кубы”: тады гэта каштавала 5,36 рубля, цяпер будзе — 6,88 рубля (рост на 28,4%).

Тарыф за карыстанне каналізацыяй павысіўся з 1,6267 рубля за кубаметр да 1,9701 рубля. То-бок у снежні за кватэру трэба было заплаціць 4,89 рубля, а ў студзені давядзецца ўжо 5,91 рубля.

Падаражэў і вываз смецця: калі яшчэ ў снежні гэтая паслуга каштавала 15,3776 рубля за “куб”, то ў студзені сума павялічылася да 19,3682 рубля. У нашым прыкладзе (дом без смеццеправода) спажыванне склала 0,3 кубаметра, таму цана вырасла з 4,61 рубля да 5,81 рубля (+25,9%).

Як змяніліся цэны на ЖКП? Палічылі на рэальных прыкладах
У студзені выраслі ўсе паслугі акрамя, ацяпляння і гарачай вады / 1prof.by

Тарыф за ўтрыманне санітарных памяшканняў дома падаражэў з 0,0653 рубля да 0,0739 рубля — яго памер залежыць ад квадратнага метра. Таму новая цана складзе 3,94 рубля замест ранейшых 3,48 рубля (+13,12%).

Плата за абслугоўванне дамафона павялічылася з 1,50 рубля да 1,68 рубля (+12%).

У выніку, паводле студзеньскага падвышэння тарыфаў, камунальныя паслугі для гэтай кватэры падаражэлі з 66,54 рубля да 77,64 рубля пры аднолькавым аб’ёме спажывання.

А на колькі паднімецца камуналка за трохпакаёўку?

Разгледзім кватэру плошчай 69 квадратных метраў у Гродзенскай вобласці.

За тэхнічнае абслугоўванне цяпер возьмуць 15,90 рубля замест 13,30 рубля.

Капітальны рамонт яшчэ ў снежні каштаваў 17,50 рубля, а цяпер — 19,49 рубля.

3 “кубы”халоднай вады ў снежні абыходзіліся ў 5,55 рубля, цяпер выйдзе 6,88 рубля.

Як змяніліся цэны на ЖКП? Палічылі на рэальных прыкладах
Камуналка значна падаражэла

За такі ж аб’ём карыстання каналізацыяй цяпер давядзецца заплаціць 5,91 рубля замест 4,88 рубля.

Вываз 0,3 “куба” смецця ў мінулым годзе каштаваў 4,61 рубля, цяпер — 5,65 рубля.

Кошт абслугоўвання ліфта павялічыўся з 6,22 рубля да 7,13 рубля.

Такім чынам, камунальныя плацяжы за такую кватэру вырастуць з 93,68 рубля да 102,55 рубля.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.