"Кубак Івуліна" будзе перайменаваны ў гонар Мікіты Мелказёрава

Мікіта Мелказёраў

Мікіта Мелказёраў / Еўрарадыё

Аматарскі футбольны турнір "Кубак Івуліна" пераймянуюць у "Кубак Мікіты Мелказёрава". Пра гэта паведаміў Аляксандр Івулін у сваім лісце да сябра з нагоды 40 дзён яго смерці. Ліст Івуліна з'явіўся на "Трыбуне".

"Апошні раз бегалі позняй восенню 2024-га. Ох, як жа хацелася даць табе ляшча, калі пасля чарговага надрыву маіх "крыжоў" ты гыгыкаў, што бачыў апошні матч у кар’еры Івуліна. Фіг табе, Мікітосік, не апошні! Я ўжо было сабраўся з канцамі пераключыцца на падэл-тэніс, але зараз давядзецца ўмацоўваць калена, каб сёлета згуляць на "Кубку Мікіты Мелказёрава".

Дзякуй, што забраў мой "Кубак Івуліна". Думаю, так будзе правільна", — напісаў Івулін у лісце да сябра.

Аматарскі футбольны турнір "Кубак Івуліна" быў заснаваны ў Варшаве ў 2022 годзе на знак салідарнасці з палітвязнем і спартовым журналістам Аляксандрам Івуліным. У выніку спаборніцтва стала штогадовым. Мелказёраў быў пастаянным удзельнікам турніру.

Мікіта Мелказёраў нечакана памёр 21 снежня 2025-га. Яму было 37 гадоў. Найбольшую вядомасць журналісту прынеслі яго праекты "Жыццё маліна" і "Загляне сонца". Шмат намаганняў ён прыклаў для папулярызацыі беларушчыны. Паведамлялася, што прычынай смерці стала хранічнае захворванне журналіста.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.