“Я проста не вывожу”: як змагацца з нарказалежнасцю ў Польшчы
Як змагацца з нарказалежнасцю ў эміграцыі / Unsplash
Пасля 2020 года Польшча стала адным з галоўных напрамкаў эміграцыі з Беларусі. За апошнія пяць гадоў колькасць беларусаў тут вырасла амаль да 150 тысяч чалавек.
Некаторыя ўпершыню паспрабавалі наркотыкі менавіта тут, хтосьці нават стаў залежным. Бо ёсць “даступнасць і няведанне” — так апісвае асноўныя перадумовы адна з беларусак, якая сутыкнулася з праблемай нарказалежнасці.
Еўрарадыё пагаварыла з ёй і з беларускім псіхіятрам у Польшчы пра тое, як зразумець, што ў цябе ёсць праблема, і як з ёй змагацца.
“Я зразумела, што ўжываю кожныя 3–4 дні”
Мінчанка Аліна (імя зменена) пераехала ў Польшчу пасля 2020 года, як яна кажа, “па зразумелых прычынах” — дзяўчыну затрымлівалі на пратэстах. Яшчэ знаходзячыся ў Беларусі, яна часам курыла траўку і ўцягвалася ў алкаголь.
— Наркотыкі я паспрабавала ўжо тут, і, скажам так, гэты досвед перавярнуў маё ўспрыманне — гэта было вау і крута. Раней гэта было нечым далёкім: у мяне не было ні ведаў, ні разумення. Але мне вельмі спадабаліся стымулятары.
Пасля года актыўнага ўжывання Аліна зразумела, што сутыкнулася з залежнасцю.
— Я проста не магла завязаць. З’явілася тая самая цяга. Раней я чула гэтае слова, але не разумела, што яно значыць — калі табе вельмі хочацца ўжыць, і ты не можаш спыніцца. І гэта не фізічная цяга (бо такой залежнасці ад стымулятараў няма), а настолькі моцная псіхалагічная, што ты ні пра што іншае не можаш думаць. Не можаш ні на што пераключыцца — ты проста бярэш і едзеш па рэчыва. Хаця ты нібыта ў свядомасці, нібыта ў цябе ёсць сіла волі, але на самай справе яе ўжо няма.
Ад гэтага мне стала страшна. Я зразумела, што ўжываю кожныя 3–4 дні. Словы “ў мяне ўсё пад кантролем” сталі хлуснёй, бо ніякага кантролю ўжо даўно няма.
Спачатку Аліна думала, што зможа самастойна кантраляваць цягу, але ўсё кожны раз заканчвалася “крахам”. Фінальным званочкам сталі праблемы на працы і пытанні ад сяброў.
— Я часта чую ад людзей, якія ўжываюць стымулятары, што яны робяць гэта дзеля таго, каб лепш працаваць. Гэта хлусня, бо ў цябе няма сіл, няма матывацыі, пачынаюцца праблемы са сном.
Я праспала і адзін раз увогуле не выйшла на працу. Калі ўлічваць, што ў мяне рабочая віза, гэта пагражае тым, што я проста паеду ў Беларусь. На працы таксама пачалі заўважаць, што я дрэнна выглядаю, што я стомленая. Яны думалі, можа, у мяне ёсць другая праца. Я зразумела, што хутка пачнуцца праблемы.
Псіхіятр Уладзімір Пікірэня ў каментары Еўрарадыё пацвярджае, што не для ўсіх, але рызыка залежнасці (не толькі наркатычнай) у эміграцыі вышэйшая.
— Думаю, і тут я не адкрыю сакрэту, што гэта звязана з павышаным стрэсам для людзей, якія з’ехалі. Бо ў эміграцыі людзі штодня сутыкаюцца з новымі выклікамі.
Гэта цяжкасці адаптацыі: новае грамадства, розныя праблемы, разважанні пра тое, вяртацца ці не вяртацца. Усё гэта павялічвае верагоднасць таго, што чалавек пачне злоўжываць нейкім псіхаактыўным рэчывам. Гэта могуць быць як наркотыкі, так і алкаголь. Прынцыповай розніцы няма — хутчэй пытанне ў выпадковасці.
Паводле слоў Пікірэні, на фактары рызыкі таксама ўплываюць атачэнне чалавека і даступнасць наркотыкаў.
— Мы ведаем, што ў дэмакратычных краінах даступнасць псіхаактыўных рэчываў у сярэднім вышэйшая, чым у таталітарных. Гэта звязана з тым, што ў таталітарных краінах улады імкнуцца кантраляваць крыніцы атрымання задавальнення людзьмі, а ў дэмакратычных гэта ў меншай ступені кантралюецца. Таму людзі, якія мелі схільнасць да ўжывання і, напрыклад, у Беларусі ўжывалі рэдка, атрымаўшы доступ да большай колькасці розных рэчываў, пачынаюць злоўжываць і ў выніку трапляюць у залежнасць.
Што рабіць, калі вы падазраяце блізкага ў празмерным ужыванні?
“Нават такая рэч, як ужыванне псіхаактыўных рэчываў, з’яўляецца часткай прыватнага жыцця”, — нагадвае псіхіятр Уладзімір Пікірэня, адказваючы на гэтае пытанне.
— Таму, як бы ні хацелі дапамагчы блізкія, нельга пераходзіць мяжу паміж уласнымі інтарэсамі і асабістай аўтаноміяй, выбарам і дзеяннямі таго чалавека, за якога яны хвалююцца.
Найлепшым крокам у бок дапамогі чалавеку, якога падазраюць у злоўжыванні, будуць пытанні. Варта спытаць, ці ўжывае чалавек нешта, ці адчувае ён, што гэта стала праблемай, і ці можна яму неяк дапамагчы.
Беларускі псіхіятр таксама адзначае, што лячэнне залежнасці ад псіхаактыўных рэчываў у Польшчы не цягне за сабой рызыкі страты працы.
— У законе нідзе не прапісана, што чалавек не можа прайсці медкамісію і, напрыклад, вадзіць аўтамабіль ці займаць пэўныя пасады. Гэта значыць, што працэс з’яўляецца спакойным і бяспечным для чалавека і не стварае шлейфа стыгматызацыі і нават сістэмнай дыскрымінацыі, як гэта адбываецца, напрыклад, у Беларусі.
Калі гаварыць пра лячэнне непасрэдна залежнасці — пра доўгатэрміновую тэрапеўтычную ці рэабілітацыйную працу, — то ў Польшчы для гэтага, як правіла, патрэбна дзяржаўная страхоўка, адзначае Пікірэня. У розных цэнтрах умовы адрозніваюцца: працягласць можа складаць ад двух месяцаў да года, а форма — дзённы стацыянар або рэабілітацыйнае аддзяленне, закрытае ці паўадкрытае.
“Ты можаш сказаць, што адчуваеш, і цябе ніхто не будзе ацэньваць”
Па падказцы сяброў Аліна спачатку звярнулася ў Monar — недзяржаўную арганізацыю, якая аказвае дапамогу, у тым ліку людзям з нарказалежнасцю. Аліна запісалася на кансультацыю да спецыялісткі па тэрапіі залежнасцей.
Спачатку ёй прапанавалі прайсці тэрапію на базе арганізацыі, але ў такім выпадку давялося б доўга чакаць праз абмежаваную колькасць месцаў. Аднак спецыялістка падзялілася кантактамі іншай арганізацыі.
Аліна адзначае, што ў цэлым у Польшчы існуе шмат як дзяржаўных, так і прыватных арганізацый, якія могуць прапанаваць тэрапію, але іх трэба абзвоньваць і ўдакладняць, ці ёсць вольныя месцы.
— Колькі гэта каштуе?
— Усё гэта бясплатна. Адкуль у наркаманаў грошы, — жартуе Аліна, — яны толькі на наркотыкі [усё трацяць].
Пакуль Аліна чакае пачатку тэрапіі, яна вырашыла наведаць Ананімных Наркаманаў (АН).
— Я доўга не хацела ісці. Мне здавалася, што гэта не для мяне (так усім здаецца), але я пайшла, і пакуль што атрымліваецца. Я хаджу ўжо месяц, столькі і не ўжываю. Невядома, што будзе заўтра, але пакуль вось так.
Мне ўвесь час здавалася, што туды проста прыходзяць людзі і ныюць. А навошта мне слухаць ныццё іншых наркаманаў, я ж сама магу паныць. Гэта мне толькі шкодзіць.
На самой справе ты можаш выказацца, толькі калі хочаш. Галоўнае там не сюжэт і не гісторыі, а падзяліцца эмоцыямі, якія адчуваеш на працягу дня. Напрыклад: сёння дзверы не адчыняліся, я быў паўдня злы, сустрэўся з былой каханкай.
І самае класнае — ніхто не каментуе. Калі ты дзелішся з сябрамі сваімі праблемамі, напрыклад, перажываннямі праз ўжыванне, натуральна, што адразу пачынаюць цябе падтрымліваць, нешта раіць, нешта ацэньваць. А тут ты проста прыходзіш, можаш сказаць, што адчуваеш, і ніхто не будзе ні ацэньваць, ні даваць парады. Цябе выслухаюць моўчкі, табе папляскаюць, і ты адчуваеш вось гэтую маўклівую падтрымку — і, на мой погляд, менавіта гэтага часта не хапае.
Зноў жа, гэта адзінота ў эміграцыі, якую многія адчуваюць, плюс праблемы з рэчывамі. А тут ты трапляеш у кампанію людзей з такой жа праблемай, якія не будуць цябе ні асуджаць, ні абмяркоўваць. Ты можаш быць у сваёй талерцы. Мне гэта дапамагае на дадзены момант.
Адна з асноўных фішак, калі ты пачынаеш гэты шлях — адхадзіць 90 дзён на 90 сходаў, гэта значыць кожны дзень. Гэта дапамагае ўстрымацца ад ужывання, бо ў цябе нібыта кожны дзень ёсць важная справа. Ты настройваешся на сход, гэта падштурхоўвае быць “чыстым”.
Пры гэтым няма праблем з моўным бар’ерам. Аліна наведвае рускамоўную групу, там таксама размаўляюць па-ўкраінску. Знайсці расклад усіх сустрэч (не толькі ў Польшчы) можна на сайце Ананімных Наркаманаў.