"Не адчыняй скрыню Пандоры". Як беларуска завязвае з алкаголем і наркотыкамі

"І перыядычна з таго моманту я пачала — ненавіджу гэтую фразу — прыкладацца да бутэлькі"

"І перыядычна з таго моманту я пачала — ненавіджу гэтую фразу — прыкладацца да бутэлькі" / Euroradio via Chat GPT

Журналістка і пісьменніца Аліна Сойка два гады ўжывала наркотыкі і васемнаццаць — алкаголь. Цяпер дзяўчына жыве ў эміграцыі ў Грузіі і пераадольвае сваю залежнасць, публікуючы пра гэта нататкі на сваёй старонцы ў сацсетках.

Беларуска распавяла сваю гісторыю Еўрарадыё, пра тое, як яна стала залежнай — і што дапамагло ёй выйсці з гэтага заганнага кола.

У матэрыяле ёсць падрабязныя апісанні залежнасцяў, ужывання наркотыкаў, алкаголю, эпізодаў самаразбуральнага паводзін, а таксама згадкі суіцыду і перадазіроўкі. Тэкст можа быць эмацыйна цяжкім для некаторых чытачоў. Калі вы сутыкаецеся з падобнымі праблемамі-абавязкова звярніцеся па дапамогу да спецыялістаў або ў службы падтрымкі.

 

"Я вельмі добра памятаю момант, калі я пачала піць"

— Я вырасла ў вёсцы Паставічы Старадарожскага раёна. Гэта практычна на мяжы Магілёўскай і Мінскай абласцей. Потым я паступіла на журфак у Мінску. А калі зразумела, што ўсё ж такі хачу быць пісьменніцай больш, чым журналістам, — адлічылася з журфака і паступіла ў Літаратурны інстытут у Маскве.

Абодва інстытута, у тым ліку па прычыне залежнасці, я не скончыла, але ўся мая прафесійная праца ўсё роўна заўсёды была звязана са словам. Я сябе называю філолаг-многостаночнік. Што трэба рабіць, калі гэта тычыцца слова, то і робіш — ад карэктуры да літаратурнага рэдагавання.

“Не открывай ящик Пандоры”. Как белоруска завязывает с алкоголем и наркотиками
Алина Сойка / фота з прыватнага архіву гераіні

Вельмі добра памятаю момант, калі пачала піць. Як раз калі паступіла на журфак на першым курсе, у мяне здарыўся моцны дэпрэсіўны эпізод. І я пайшла да лекара, да неўролага, ён ужо адправіў да псіхіятра. Але мне здаецца, ён мяне сур'ёзна наогул не ўспрыняў. І ў мяне нейкі адчай здарыўся, мне стала яшчэ горш.

У адзін з такіх вечароў я пайшла, узяла сабе 250 мілілітраў каньяку і пачак цыгарэт, хоць тады яшчэ не паліла. І перыядычна з таго моманту я пачала ненавіджу гэтую фразу прыкладацца да бутэлькі.

Ну а далей ужо ўсё па нарастаючай. Ты выбіраеш сабе кампанію, дзе п'юць, тусоўкі, дзе людзі таксама гэта робяць. З цвярозымі сябрамі табе цяжэй. Ну і неяк вось так цябе зацягвае.

З наркотыкамі было па-іншаму. Я пазнаёмілася з хлопцам, яго звалі Жэня. Мы нядоўга пасустракаліся, дзесьці з паўгады, ён быў у завязцы.

А потым, праз гады два, мы зноў з ім сышліся ў сілу пэўных абставінаў. Тады ён ужо ў завязцы не быў. А я заўсёды ведала, што калі ў мяне будзе магчымасць паспрабаваць нешта з наркотыкаў, то я паспрабую. Ён быў гераіншчыкам і, адпаведна, у адзін з вечароў я папрасіла яго зрабіць мне ін'екцыю.

 

"Бухала я з 18-ці да 36,5 гадоў"

— Рэчывы давалі расслабленне. У цябе здымаюцца заціскі, здымаецца напружанне. Мне на самай справе пасля рэчываў ніколі не трэба было нейкіх тусовак, весялосці, клубаў. Гэта ўсё максімальна ад мяне далёка.

Я чалавек з трывожным расстройства, я ад яго пакутую з самага дзяцінства. І вось рэчывы здымалі гэтую трывогу, пазбаўлялі ўнутранага напружання, з якім я ўвесь час жыла. І, напэўна, менавіта таму я і працягвала гэта рабіць, таму што заўсёды ведала, што ёсць вельмі хуткі спосаб, як гэтую трывогу ўнутры сябе суняць.

Бухала я з 18-ці да, атрымліваецца, 36,5 гадоў. А цяпер я спрабую завязаць.

Наступствы ад алкагалізму расцягнутыя ў часе, таму што ты п'еш па крыху. Так, часам перапіваеш і ўжо пачынаеш думаць, што нешта не тое, але потым не п'еш нейкі час-і ўсё нармалізуецца. Гэта значыць ты на такой гісторыі можаш доўга існаваць.

Біць трывогу я пачала, калі пачалася вайна. У мяне вельмі моцна скакнула талерантнасць да алкаголю. Я проста стала многа больш піць. У мяне тады як раз і здарыўся, напэўна, першы працяглы запой у тры дні.

І калі запоі сталі здарацца рэгулярна, я пачала разумець, што трэба нешта рабіць. Два гады ў мяне не атрымлівалася канчаткова завязаць. Максімум, што я набірала, 23 дні. Вось цяпер у мяне чатыры месяцы цвярозасці.

Калі я перастала ўжываць наркотыкі, я даволі шчыльна падсела на алкаголь. І не надавала гэтаму значэння. Таму што заўсёды насілася з думкай, што алкаголь гэта не наркотыкі, гэта не так страшна.

Хоць на самай справе любы залежны адэкватны скажа табе, што няма ніякай розніцы, на якім канкрэтна рэчыве ты сядзіш. Гэта наогул не важна.

 

"Я крала гарэлку ў краме"

— Не магу сказаць, што ў алкагольнай залежнасці я даволі хутка скацілася ў антысацыяльны лад жыцця, не. Дзякуй богу, пакуль да гэтага не дайшло.

Хоць я выдатна разумею, што калі працягваць піць, і ўжо ўлічваючы, што ў мяне пачалі здарацца запоі, спіцца ў канаве можна вельмі хутка. Мы заўсёды думаем, што гэта дзесьці далёка ад нас. Што мы "абасцанымі алкашамі" ў пад'ездзе не станем. На самай справе гэта на*бка.

А ў плане наркотыкаў — гэта абсалютна антысацыяльны лад жыцця. Я крала гарэлку ў краме. У мяне была перадазіроўка. Натуральна, я не працавала. Займала грошы ў сяброў пад ліпавыя мэты.

“Не открывай ящик Пандоры”. Как белоруска завязывает с алкоголем и наркотиками
"Я крала гарэлку ў краме. У мяне была перадазіроўка. Натуральна, я не працавала" / Euroradio via Chat Gpt

Мяне аднойчы з "вагай" (набытая порцыя наркотыку) ледзь не прынялі мянты. Ну, увогуле, гэта тое, што цябе сапраўды палохае. Гэта вельмі страшныя рэчы. Але ў моманце яны цябе ўсё роўна не прымушаюць спыніцца. Бо калі б гэта наркамана пужала, то ён бы, вядома, больш ніколі не ўжываў.

Цяпер, з пазіцыі больш цвярозай галавы, я разумею, што гэта вельмі страшна. Ведаеш, як у супольнасцях ананімных наркаманаў кажуць, турма, бальніца або смерць — гэта тое, куды цябе прывядзе ўжыванне.  Ну я ў будучыні альбо перадазнулася б аднойчы, альбо проста села б у турму. Таму што кожны раз, калі ты едзеш за закладкай, у цябе ёсць рызыка, што ты сядзеш надоўга.

У той перыяд я наогул не працавала, у мяне былі нейкія падпрацоўкі. Вучобу я кінула. Блізкія ... Мая мама асабліва пра гэта не ведала. Я далёка ад яе была. Усё ж такі яна была ў Беларусі, а я — у Расіі.  Я памятаю, што ў мяне засталося літаральна некалькі людзей, якія цярпелі мяне, што называецца, з апошніх сіл.

 

"А я стаю і разумею, што гэта п*здзец"

— Вельмі добра памятаю момант, калі я прыняла рашэнне, што я так больш не магу. Алнойчы ў мяне здарылася перадазіроўка.  Я сапсавала дзень нараджэння сваёй сяброўцы. Потым да мяне прыехаў мой гаротны бойфрэнд. Перад гэтым ён зладзіў мне істэрыку, што "ў цябе ж ёсць доза, і ты павінна яе мне зварыць".

Я яму зварыла рэшткі, якія ў мяне былі. Ён прыехаў да мяне ў інтэрнат. Там жа, пад гэтым інтэрнатам і ужыў пад цьмяным ліхтаром. І перадазнуўся.

Я выклікала яму хуткую дапамогу. І вось з'язджае гэтая хуткая, а я стаю і разумею, што гэта п*здзец, прабачце, калі ласка. Гэта ўжо ўсё.

Я не разумею, што рабіць. І мне не прыходзіць у галаву нічога лепш, чым разрэзаць вены. Я недастаткова ўдала гэта зрабіла, і ў выніку мяне забралі ў псіхіятрычную лякарню. Гэта і стала тым каталізатарам выпраўлення. Мне трапіўся там вельмі добры псіхіятр. У мяне было добрае лячэнне, два тыдні там правяла.

Першыя дні мяне прывязвалі, у дзяржаўных клініках толькі так і робяць. Але ў цэлым гэта былі два тыдні, калі я рэальна была чыстая. Я выйшла і зразумела, што больш вяртацца ў гэты стан не хачу.

Але нельга сказаць, што я прама завязала. Так, я перастала ўжываць ін'екцыйны наркотык, але я стала піць. І ў той момант мяне гэта цешыла. Мне здавалася, што я сапраўды завязала.

Але цяпер я разумею, што гэта не так. Залежнасць вызначае не рэчыва, а твая мадэль паводзінаў. А мая мадэль паводзінаў, як і любога залежнага, — гэта не быць чыстай, не быць цвярозай.

Мне вельмі цяжка, як і іншым залежным, спраўляцца з эмоцыямі — усё роўна, добрымі або дрэннымі — цвярозай. І вось, каб пачаць ужо комплексна змагацца з залежнасцю, мне спатрэбілася 10 гадоў.

Мой малады чалавек не збіраўся заканчваць. Ён трагічна загінуў. Я разумею, што калі б я не завязала, то хутчэй за ўсё таксама памерла, як і ён. Таму што ў гэты момант мы былі б з ім удваіх.  Гэта значыць, паўтаруся, ты альбо здохнеш дзе-небудзь на вуліцы, альбо сядзеш у турму. Вось гэта стала паваротнай кропкай.

 

"Звычайна кажуць, што пасля трох месяцаў цвярозасці пачынае адпускаць"

— Я цвярозая крыху больш за чатыры месяцы. Я пачала папраўляцца па праграме "Ананімныя наркаманы". У мяне цяпер няма магчымасці наведваць афлайн-групы, але вельмі шмат цяпер і ў Zoom-e, і ў "Телеграме" анлайн-груп. Там жа я знайшла "спонсара".

“Не открывай ящик Пандоры”. Как белоруска завязывает с алкоголем и наркотиками
"Залежнасць вызначае не рэчыва, а твая мадэль паводзінаў" / Euroradio via Chat GPT

"Спонсар" — гэта чалавек, з якім у крызісныя моманты ты можаш стасавацца. Гэта такі ж залежны чалавек, як і ты, проста ў яго большы тэрмін чысціні. З ім вы ідзяце па кроках.

Гэта 12-ці крокавая праграма, дзе ты спрабуеш з дапамогай розных інструментаў прэпараваць сваё мінулае жыццё і шукаць рашэнне, як табе жыць новае і чыстае.

Мяне многія рэчы бянтэжаць у праграме "Ананімныя наркаманы", але я разумею, што адной бы ў мяне не атрымалася. І я вельмі ўдзячная на самай справе і свайму спонсару, і гэтай праграме, што яна наогул ёсць.

Я ў самым пачатку шляху. Звычайна кажуць, што пасля трох месяцаў цвярозасці пачынае адпускаць. У маім выпадку гэта не так.

Першы месяц сапраўды самы складаны, таму што ў цябе вельмі моцная кампульсіўная цяга. То-бок, у любы стрэс, нават бытавы — і адразу ў мяне думка пра спажыць.

Кампульсіўная цяга дзесьці на другім месяцы сышла, стала лягчэй. Але я не магу сказаць, што я прама абсалютна расслабленая. Усё роўна мая башка пастаянна нешта выкідае, усё роўна я адчуваю сябе напружана.

Мне трэба пастаянна ўкалываць па праграме, прымяняць усе гэтыя інструменты, медытаваць і гэтак далей, і да таго падобнае. Таму што калі я страчу пільнасць, я сарвуся.

Нават за чатыры месяцы цвярозасці я магу, напэўна, сказаць, што значна спакайней стала. Я не расхістваюся эмацыйна. Нават калі мяне нешта расхіствае, я ведаю, як сябе падсабраць. Вось гэта самае галоўнае адкрыццё.

Я разумею, што была заўсёды вельмі тузаная, вельмі ўзнятая, такая экзальтаваная, таму што заўсёды існавала ў рэжыме пахмелля. Нават калі гэта было слабенькае пахмелле, яно ўсё роўна было. А гэта вельмі моцна ўплывае.

Потым, вядома ж, працаздольнасць. Але гэта наогул зусім іншая справа. Я значна больш паспяваю. Я магу нешта планаваць. За чатыры месяцы я не памятаю, каб мне трэба было адмазкі прыдумляць па працы.

Таму што часта бывае, што ты ўвечары не разлічыў норму, перапіў, а табе трэба пісаць тэкст. І ты пачынаеш распавядаць пра тое, як ты там прыхварэў, разумееш? Цяпер гэтага няма. Ты наогул не падманваеш. Ты кажаш як ёсць. І табе не трэба шукаць ніякія апраўданні, таму што ты робіш, што павінен.

 

"Добра, што ў мяне няма столькі спакусаў"

— Я баюся вялікіх гарадоў. У мяне эміграцыя вельмі правінцыйная. Я жыву ў такім тупіковым грузінскім мястэчку ў сілу таго, што ў мяне няма нармальнай сталай працы. Таму я не магу нічога класнага зняць, дапусцім, у Тбілісі або ў Батумі. Пра иншыя гарады я наогул маўчу. Але я заўсёды вельмі праз гэта хвалююся, бо мне цяжка ў вёсцы.

Але цяпер разумею, што можа быць, на раннім тэрміне і добра, што ў мяне няма столькі спакусаў. Я разумею, што калі б я цяпер знаходзілася, дапусцім, у расійскім Зеленаградзе, то мне было б вельмі складана трымацца.

“Не открывай ящик Пандоры”. Как белоруска завязывает с алкоголем и наркотиками
"І кожны раз, калі мяне накрывае цяга, я сабе кажу: "Вось паглядзі — дзеля гэтага трэба заставацца цвярозай"" / Euroradio via Chat GPT

Асабліва калі ты ведаеш, што ёсць нейкія пэўныя кватэры, куды можна заваліцца патусіць, ёсць бары.

Наогул лічыцца, што вельмі правільна ў пачатку выздараўлення выбудоўваць сабе мяжы. Калі мяне паклічуць на дзень нараджэння і я буду ведаць, што там будзе алкаголь, то, хутчэй за ўсё, я растлумачу сітуацыю, чаму не хачу прыходзіць.

Не таму, што я дрэнна да чалавека стаўлюся, а таму што для мяне гэта будзе вельмі моцны трыгер. Баюся, што я магу не справіцца. Таму я радуюся, дзякую Сусвету за тое, што, можа быць, гэтая эміграцыя і дадзена мне як магчымасць перагледзець сваё жыццё, таму што ў іншых абставінах гэта было зрабіць куды складаней.

Яшчэ медытую, стараюся шпацыраваць, вяртаць сябе ва ўсведамленне. Умоўна кажучы, для чаго табе патрэбна гэтая цвярозасць? Чаму ты за яе чапляешся?

Я хачу рэалізавацца прафесійна. Я не хачу быць нейкім вечным філолагам-многостаночнікам, які быццам нешта ўмее, прырода яму шмат чаго дала, а вось замацавацца ў нейкім адным амплуа ён не можа.

Я б хацела зрабіць фотапраект або фотакнігі. Я б хацела напісаць кнігу пра залежнасць, я яе цяпер і пішу. Гэта значыць, я хачу нешта зрабіць класнае, канструктыўнае.

І кожны раз, калі мяне накрывае цяга, я сабе кажу: "Вось паглядзі — дзеля гэтага трэба заставацца цвярозай".

Я хацела б нарадзіць дзіця. Хоць, мне здаецца, да таго моманту, калі я спраўлюся са сваёй хворай галавой, у мяне ўжо скончацца яйцаклеткі.

Хачу спортам пачаць займацца, каб мець такія больш якасныя доўгія эндарфіны і дафаміны. Вось прыкладна так. Гэта ўсё вельмі простыя крокі, але яны працуюць, праўда, галоўнае — не апускаць рукі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.