Дыверсія на чыгунцы ў Польшчы: падазроных шукаюць у Беларусі і рыхтуюць ордары
Станцыя Міка / Wojciech Olkuśnik / East News
20 лістапада сталі вядомыя імёны двух асоб, якіх Польшча падазрае ў здзяйсненні дыверсіі на чыгунцы. Польская пракуратура будзе намагацца, каб яны трапілі ў міжнародны вышук.
Дыверсія на чыгунцы
15 лістапада ўвечары жыхары мястэчка Міка, што паміж Варшавай і Люблінам, пачулі выбухі. У нядзелю раніцай на тым жа шляху цягнік, які перавозіў 475 пасажыраў, быў вымушаны раптоўна затармазіць праз пашкоджанні чыгуначнага пуці. Пра гэта службам паведаміў машыніст.
Менавіта па гэтай чыгунцы ідуць цягнікі ў бок Украіны.
Высветлілася, што пуці былі разбураны выбухоўкай. Паблізу знойдзеныя камера і іншая выбуховая прылада, якая не спрацавала. Гэта прадухіліла сыход цягніка з рэек.
Паводле блізкай да службаў ккрыніцы выдання Onet, злачынцы выкарысталі пластычную выбухоўку, якая ўяўляла сабой кумулятыўныя зарады.
Цікава, што на месцы здарэння дыверсанты ўсталявалі камеру відэаназірання. Магчыма, кажа эксперт, — каб зліць відэа для мэтаў прапаганды, тым больш, што выбух здзейснілі, як апынулася, грамадзяне Украіны.
“Былі падрыхтаваныя”
Падазраваныя, грамадзяне Украіны — Яўген Іваноў (1984 году нараджэння) і Аляксандр Конанаў (1986) — дзейнічалі па запыце расійскай выведкі. Яны прыехалі з Беларусі ў верасні па пашпартах на іншыя імёны, а пасля вярнуліся туды ж адразу пасля дыверсіі.
У сувязі з гэтым Польшча перадала ў МЗС Беларусі ноту з патрабаваннем выдаць злачынцаў.
Як піша Gazeta Wyborcza, адзін з іх калісьці быў супрацоўнікам украінскай пракуратуры, а другі быў завочна асуджаны за акт сабатажу судом у Львове ў траўні 2025 года. Пакуль невядома, хто менавіта што рабіў.
Ніводны з мужчынаў не знаходзіўся ў спісе “чырвоных абвестак” Інтэрпала Украіны. Пры гэтым, Gazeta Wyborcza лічыць, што яны мелі ваенную падрыхтоўку. Выбуховыя рэчывы былі размешчаны на пуцях так, каб выбух пакінуў як мага менш слядоў.
Міжнародны вышук
Тым часам, польская пракуратура рыхтуе ордары на арышт і пачынае міжнародны вышук Іванова і Конанава. Gazeta Wyborcza нагадвае, што спачатку патрабуецца ордар на іх утрыманне пад вартай.
Затым будзе пададзены ордар на арышт, запыт у суд на выдачу еўрапейскага ордара на арышт і запыт у Інтэрпал на выдачу чырвонага ордару.
Ордары на арышт былі пададзены ў акруговы суд Варшавы ў сераду.
Паводле звестак, мужчыны былі саўдзельнікамі. На вечар серады вядома, што ў Польшчы таксама затрыманыя чатыры грамадзяне Украіны, так ці інакш звязаныя з дыверсіяй на чыгунцы. Ім яшчэ не прад’яўленыя абвінавачванні. Магчыма, яны застануцца сведкамі па гэтай справе.
Гібрыдная вайна супраць Польшчы?
За апошнія тры гады, ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, у Польшчы адбыўся шэраг інцыдэнтаў, якія ацэньваюцца мясцовымі службамі і экспертамі як расійскія дыверсіі.
У верасні 2025 года ў Катавіцах адбыўся яшчэ адзін небяспечны інцыдэнт. Як паведамляла Rzeczpospolita, невядомы злачынец уначы адчапіў ад цягніка 20-тонны вагон з вугалем. Ён быў пусты. Машыніст заўважыў яго адсутнасць толькі на канчатковай станцыі. У выніку ў Катавіцах узніклі сур'ёзныя парушэнні чыгуначнага руху. А сутыкненне з пустым вагонам маглі скончыцца вялікай аварыяй.
Усе гэтыя інцыдэнты ў Польшчы звязваюць з дзеяннямі расійскіх спецслужбаў.