Польшча закрые расійскае консульства ў Гданьску — Сікорскі
Радаслаў Сікорскі / WP Wiadomosci
МЗС Польшчы адкліча згоду на працу консульства Расійскай Федэрацыі ў Гданьску. Пра гэта кіраўнік польскага знешнепалітычнага ведамства Радаслаў Сікорскі паведаміў пасля выступу ў Сейме. Афіцыйнае паведамленне пра гэтае рашэнне, паводле яго, расійскі бок атрымае сёння ці заўтра.
Консульства ў Гданьску — апошняе расійскае дзейнае консульства ў Польшчы. Раней былі зачыненыя консульствы ў Познані і Кракаве — як адказ на падпалы ва Уроцлаве і Варшаве, арганізаваныя расійскімі спецслужбамі.
"Я заявіў тады, што калі Расія не спыніць свае дыверсійныя атакі на Польшчу, а Расія не толькі не спыніла, але і ўзмацняе гэтыя атакі", — падкрэсліў Сікорскі.
Дзеянні расійскіх спецслужбаў ён назваў не дыверсіяй, а дзяржаўным тэрорам, бо мэтай такіх дыверсій былі чалавечыя ахвяры.
У нядзелю адбыліся дыверсіі на чыгунцы Варшава-Люблін і пад Пулавамі. Польшча заявіла, што акцыі былі арганізаваныя расійскімі спецслужбамі. Выканаўцамі выступілі двое грамадзян украіны, якія прыехалі з тэрыторыі Беларусі і пасля дыверсіі вярнуліся назад.
Сікорскі дадаў, што Польшча не мае намеру разрываць дыпламатычныя адносіны з Расіяй, як робяць іншыя ў выпадку актаў сабатажу ці дыверсій на сваёй тэрыторыі.
"Нагадаем, што ў нас быў напад на прыватны дом прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі, дыверсіі ў Германіі, Чэхіі і Балгарыі, а таксама забойствы ў шэрагу іншых краін. Сёння вечарам я асабіста пагавару з генеральным сакратаром NATO па гэтым пытанні. А заўтра я правяду брыфінг для Рады замежных спраў Еўрапейскага Саюза", — заявіў палітык.