КДК расказаў пра рэстаўрацыю і наведвальнасць Ружанскага і Косаўскага палацаў

Кантралёры правялі нараду па тэме рэстаўрацыі гістарычных аб’ектаў у Брэсцкай вобласці

Кантралёры правялі нараду па тэме рэстаўрацыі гістарычных аб’ектаў у Брэсцкай вобласці / travelagency.by

На калегіі Дзяржкантролю чыноўнікі Брэсцкай вобласці расказалі пра рэстаўрацыйныя работы Ружанскага палацавага комплексу і Косаўскага палаца. Перадпраектнае абследаванне аб’ектаў праводзіцца няякасна. Праз гэта падчас рэстаўрацыі ўзнікае неабходнасць у вялікай колькасці дадатковых работ, а кошт праектаў істотна ўзрастае — часам у разы. Дакумент ёсць у распараджэнні Еўрарадыё, атрыманы ён ад арганізацыі BELPOL.

Так, пры рэстаўрацыі Ружанскага палацавага комплексу быў складзены 101 акт на дадатковыя работы. У выніку кошт павялічыўся ў 1,8 раза.

Кантрактная цана падрадных работ узрастае праз уключэнне ў праектную дакументацыю дарагіх вырабаў і матэрыялаў, пры гэтым фактычна выкарыстоўваюцца больш танныя аналагі.

КГК рассказал о реставрации и посещаемости Ружанского и Коссовского дворцов

Па Ружанскім палацавым комплексе дадатковыя выдаткі бюджэту праз розніцу паміж праектным і фактычным коштам на сродкі прамочвання перавысілі 300 тыс. рублёў.

На аб’ектах рэстаўрацыі часам прымяняюцца завышаныя расцэнкі пры ўзвядзенні новых канструкцый. У прыватнасці, у Ружанскім палацы мураванне сцен з новай цэглы па стужачным фундаменце было выканана па рэстаўрацыйных расцэнках. Розніца ў кошце работ склала каля 150 тыс. рублёў.

У асобных выпадках значна зацягваюцца нарматыўныя тэрміны рэстаўрацыі. Напрыклад, работы ў Ружанскім палацавым комплексе ідуць ужо 12 гадоў замест прадугледжаных 4 гадоў.

Па Косаўскім палацы аформлена 96 актаў на дадатковыя работы на суму большую чым 300 тыс. рублёў.

Пры гэтым кантралёры адзначаюць, што наведвальнасць гэтых аб’ектаў у разы вышэйшая за меркаваную. Косаўскі палац у апошнія гады наведваюць звыш 100 тысяч чалавек пры разліку на 38–38,8 тысячы.

Ружанскі палац у 2024 годзе перавыканаў план у 2,3 раза: пры чаканых 18,4 тыс. чалавек яго наведалі 42,6 тыс. У 2023 годзе план быў перавыкананы ў 2,2 раза, у 2022 годзе — у 1,8 раза.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.