Падзенне, або Як Беларусь упершыню засталася без медалёў на Гульнях. Меркаванне

Няўжо Ганна Гуськова — апошняя беларуская фрыстайлістка, якая заваёўвала медалі на Алімпійскіх гульнях?

Няўжо Ганна Гуськова — апошняя беларуская фрыстайлістка, якая заваёўвала медалі на Алімпійскіх гульнях? / olympics.com

18 лютага 2026 года стане чорным днём у найноўшай гісторыі спорту Беларусі. Упершыню на зімовых Алімпійскіх гульнях нашы спартсмены, якія да таго ж выступалі ў нейтральным статусе, не заваявалі медалёў. Невялікая надзея была на фрыстайлістку Ганну Гуськову, але яна не заскочыла на п’едэстал.

З усіх папярэдніх Алімпіяд беларусы прывозілі хаця б адну ўзнагароду. Нават з дэбютнай для незалежнай Беларусі Алімпіяды 1994 года, калі Лукашэнка яшчэ не быў пры ўладзе. Зрэшты, і пасля Лукашэнкі Беларусь яшчэ не хутка будзе прывозіць медалі. Чаму?

Піша Максім Камерэр.

Першая і пакуль адзіная для незалежнай Беларусі Алімпіяда пад бел-чырвона-белым сцягам у далёкім 1994 годзе прынесла краіне два медалі. Срэбныя ўзнагароды заваявалі легендарныя спартсмены, якія выкарысталі багаж савецкай трэнерскай школы і ўласны талент. Канькабежац Ігар Жалязоўскі і біятланістка Святлана Парамыгіна.

Потым былі цяжкія для краіны 90-я гады, і не менш складаныя нулявыя, але нават у такіх умовах беларусы прывозілі хаця б адзін медаль. Дзякуючы трэнеру фрыстайлістаў Мікалаю Казеку. Легендарныя “птушаняты Казекі” бралі медалі на кожнай зімовай Алімпіядзе, пачынаючы з 2002 года.

Падение, или Как Беларусь впервые осталась без медалей на Играх. Мнение
Мікалай Казека

Потым надышла залатая эра, калі да медалёў фрыстайлістаў дадаліся ўзнагароды біятланістак. У значнай ступені дзякуючы таленту і ўпартасці Дар’і Домрачавай, вакол асобы якой сфарміравалася цэлая экасістэма з трэнераў і абслуговага персаналу.

Але яе зорка закацілася, а вось выхаванцы Казекі працягвалі прыносіць медалі.

Пакуль не грымнуў 2020 год. Мікалай Казека, як і многія спартсмены, выступіў супраць гвалту сілавікоў. Бязлітасная і тупая сістэма Лукашэнкі імгненна адрэагавала, выгнаўшы яго са складу каманды фрыстайлістаў, нягледзячы на ўсе заслугі паважанага чалавека. Гэтая падзея і заклала міну пад будучыню беларускай лыжнай акрабатыкі.

Сістэма выгнала не толькі Казеку, але і шэраг іншых спецыялістаў, якія дапамагалі яму і былі гатовы працягнуць яго справу.

Потым было 24 лютага 2022 года, адлучэнне беларускага спорту ад сусветных спаборніцтваў, заняпад і забыццё.

Але калі вы думаеце, што гэта дно, а далей магчымы рост, то ў мяне для вас дрэнныя навіны. Беларусь на доўгія дзесяцігоддзі страціла шанцы на медалі зімовых Гульняў.

Нават пры адлучэнні ад міжнародных спаборніцтваў, але пры захаванні чалавечага капіталу, можна было б хутка аднавіць былыя пазіцыі ў фрыстайле.

Але сістэма Лукашэнкі знішчыла самае каштоўнае — людзей. Цэлую фрыстайлісцкую школу. Усе напрацоўкі, увесь досвед, традыцыю. Усё, што будавалася два дзесяцігоддзі. Тое, да чаго імкнуліся дзеці, бачачы, якіх вынікаў дасягаюць беларусы ў лыжнай акрабатыцы.

Нават калі заўтра Лукашэнка знікне, аднавіць усё страчанае будзе не пад сілу. Наўрад ці Мікалай Казека захоча пачынаць амаль з нуля — гады ўжо не тыя.

Падение, или Как Беларусь впервые осталась без медалей на Играх. Мнение
Дзмітрый Дашчынскі (справа)

“Птушаня Казекі” Дзмітрый Дашчынскі паспяхова трэніруе зборную Аўстраліі. Яго падапечная Даніэла Скот, між іншым, заваявала срэбны медаль на гэтых Гульнях.

Пустэча і тлен — вось наша будучыня.

Лукашэнка прыняў Беларусь з бел-чырвона-белым сцягам і алімпійскімі медалямі, а аддасць з нейтральным сцягам і выпаленым спартыўным полем, на якім першы час нават сеяць не будзе каму.

Зрэшты, ёсць і горшыя сцэнары, але гэта ўжо іншая гісторыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.