Беларусь ХХІ. Севярын Квяткоўскі — пра “ген мігранта”
Беларусы
Андрэй Эзерын выдаў кнігу як частку псіхатэрапеўтычнага праекта — у пазнавальнай форме для вымушаных перасяленцаў, якія “ўжо ва ўзросце”.
“Выйшаў я неяк на ганак свайго хутара раніцай, запаліў і падумаў, што хутка мне будзе пяцьдзясят гадоў, і я буду тут у цішы хутара праводзіць усё больш і больш часу, пакуль не састарэю, — сказаў мне адзін мой знаёмы, калі мы сядзелі ў Тбілісі неўзабаве пасля 2020 года. — Дапаліў, пайшоў, лёг дасыпаць, але неўзабаве мяне разбудзіла смс-ка са следчага камітэта, маўляў, прыходзьце на размову. Я ўзяў заплечнік, дакументы, грошы, і ўжо ўвечары ляцеў у бок Грузіі”.
І вось такіх беларусаў, якія рыхтаваліся сустракаць старасць, а сталі вымушаны пераадольваць паласу геаграфічных, бюракратычных і проста жыццёвых перашкод, такіх людзей вельмі шмат. Для іх найперш кніга Андрэя Эзерына “Ген Мигранта. Начало”.
Андрэй Эзерын працуе ў сферы камунікацыі. Таму ў дачыненні з людзьмі ён інжынер, тэхнолаг і канструктар. Толькі не чалавечых душ, а чалавечых матывацый і ўчынкаў. Аўтар надзелены моцным вобразным мысленнем і эмацыйным успрыняццем жыцця. Эмацыйны бок кнігі “Ген Мигранта. Начало” забяспечвае чытачу ўтульнасць. Тэхнічны бок мэсэджу тэксту кагосьці навучыць, як выжываць у экстрэмальнай сітуацыі.
Андрэй Эзерын калісьці даўно па прыватных справах праходзіў узлёт, падзенне, карасканне, новы ўзлёт. У 2020 ужо па грамадскіх справах Андрэю давялося прайсці па краі ляза, але застацца на свабодзе — ужо ў вымушанай эміграцыі.
Усё гэта я пішу, каб папярэдзіць каментар кшталту “ну чаму ён можа навучыць, мы тут праз такое прайшлі!”. Андрэй валодае тэхнікамі навучання, пры гэтым у кнізе ён дзеліцца перажытым ім самім.
Калісьці я ў размове з Андрэем Эзерыным дазнаўся слова “трэнд”. Яно мяне рассмяшыла, бо нагадала “трындзі-брындзі балалайка рэж паследні агурэц”. У шырокіх колах пра “трэнд” не ведалі, а для Андрэя слова ўжо было рабочым. У сваёй кнізе Андрэй сярод іншага агучвае трэнды сучаснасці.
Напрыклад, свет, у які трапляюць беларусы: мы ж не толькі геаграфію змяняем. Пакуль хтосьці лясамі, хтосьці самалётамі, хтосьці наагул такімі схемамі, што дагэтуль нельга распавядаць, мы дабіраліся да вольных тэрыторый, імкліва змянялася рэальнасць ва ўсім свеце.
Працытую Андрэя:
“Сур’ёзная экспертыза практычна памерла, якасная журналістыка канчаткова ператварылася ў шумную барную стойку… — Масавы Попыт на Спрашчэнне. Гэта мы самі, сваёй негатовасцю думаць, сваім страхам перад складанасцю, сваім жаданнем атрымаць простыя адказы на складаныя пытанні спарадзілі гэтага монстра. Мы патрабуем хлеба і відовішчаў, а потым здзіўляемся, што нас кормяць чорнай ікрой з пластыку. У агульнай плыні дыскусій істэрык канчаткова перамог эксперта”.
Спачатку ты выходзіш змагацца са Злом, праходзіш праз выпрабаванні, часта балансуючы на лязе нажа, пасля ты трапляеш у дэмакратычную краіну, дзе ты — не герой. А проста чарговы фрык з Усходу. Дадатак у статыстыку. Твой унёсак у цывілізацыю ў тваёй краіне тут не ацэняць. Тут свая журналістыка, свая інфармацыйная барная стойка.
А цяпер пра добрае — не ўсё так кепска. Андрэй Эзерын даводзіць на ўласным досведзе, што і пасля пяцідзесяці можна адаптавацца да новых, падкрэслім — нечакана новых, умоў. Аўтар кнігі “Ген Мигранта. Начало” робіць свой цуд, сваю магію, вельмі ненавязліва.
Нягледзячы на тое, што не ўсё ў кнізе засланае саломкай для псіхалагічна траўмаваных, вынік такі, што цябе як бы захутваюць у коўдру, даюць цёплы напой, і ты троху чуняеш ад сваіх псіхалагічных траўмаў. Літаратура, псіхалогія, апавядальнасць, даверлівасць. “Лісты сябрам” пазначана на вокладцы. А сябры — гэта аднадумцы.
Кніга напісаная па-расейску, бо створаная ў межах праекта дапамогі адаптацыі людзям з былой расейска-савецкай імперыі. Але аўтар дэкларуе выхад беларускамоўнай версіі з улікам беларускай спецыфікі.
У кожным разе адной з ілюстрацый да кнігі Андрэя Эзерына “Ген Мигранта. Начало” можа стацца выява шыльдачкі на дзвярах з надпісам “Выхад — ёсць!”.
Меркаванне аўтара можа разыходзіцца з меркаваннем рэдакцыі.