8 верасня – гісторыя разлому па лініі “Масква”. Піша Севярын Квяткоўскі

Бітва пад Оршай

Бітва пад Оршай

Калі вы памятаеце святкаванне Дня беларускай вайсковай славы на плошчы Незалежнасці ў Мінску, значыць вы даўно ў "бел-тэме". 8 верасня 1992 года перад Домам Ураду некалькі соцень беларускіх мужчын склалі прысягу Беларускага згуртавання вайскоўцаў. Следам быў рок-канцэрт, першы і пакуль апошні у гісторыі плошчы, якая ў азначаны час змяніла назву з "Леніна" на "Незалежнасці". Мінула больш за трыццаць гадоў, а актуальнасць "бел-тэмы" не зменшылася.

Піша Севярын Квяткоўскі, пісьменнік, кіраўнік Фундацыі Беларусь 2020.

Паглядзіце на адукацыйна-папулярызатарскія праекты, якія робяцца па гісторыі Беларусі. Пра бітву пад Оршай – калі ласка! Падзеі 1514 году былі так даўно, што пра іх можна казаць што заўгодна. Можна нават з цікавасцю назіраць як пра гістарычную спадчыну, якую мы – беларусы – лічым цалкам сваёй, спрачаюцца нацыятворцы з іншых краін.

Зусім іншая тэма – распавядаць пра гісторыю святкавання Бітвы пад Оршай і ўзнікнення назвы "Дзень беларускай вайсковай славы". Большасць удзельнікаў жывыя і маюць свае адрозныя версіі падзей. Больш за тое, некаторыя апынуліся па розныя бакі барыкадаў.

Разлом адбыўся па лініі пад назвай "Масква".

"Дарагая сястра, тут усё харашо,
Тут паблізу Масква, тут Масква ў галаве,
Тут Масква ў тэлевізары і ў газеце,
Тут расейскія песні развучваюць дзеці.

Людзi на балоце... Людзi на балоце...
Людзi на балоце... Людзi на балоце…"

Я цытую песню гурта "Новае Неба", тэкст якой напісаны ў першай палове 1990-х.

Дзень беларускай вайсковай славы – пра перамогу над Масквой. Прычым не толькі ў 1514 годзе, але і ў 1980-я, і тагачасныя 1990-я. А песня выйшла пасля абрання Лукашэнкі і ў год рэферэндуму адмовы ад нацыянальнага і абвяшчэння Лукашэнкам курсу на Маскву, на ўз’яднанне, на перастварэнне СССР.

Так і застаецца дагэтуль – злыя сілы на чале з Лукашэнкам гандлююць незалежнасцю. Тады – на карысць Расіі, сёння, нібыта, на карысць сабе. Але.

Нязменнай застаецца "бел-тэма". Лукашэнка нішчыць нацыянальнае, як можа. Працягвае паслядоўную палітыку этнацыду. А беларускае на ўзроўні ідэі застаецца і сімвалам, і інструментам супраціву прыгнёту і сцвярджэння свайго альтэрнатыўнага – беларускага.

"Беларускае" і сёння застаецца больш, чым этнічным, беларускае – ёсць сінонімам свабоднага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.