Вызваленыя "палітычныя" — стары новы імідж беларусаў. Піша Севярын Квяткоўскі

Палітвязні пасля вызвалення ў Вільні

Палітвязні пасля вызвалення ў Вільні / LookByMedia

Дзея адбываецца ў публічнай прасторы ў Польшчы. Беларус, які адседзеў тры гады “за палітыку”, хоча падзяліцца тым, як ён і ягоныя паплечнікі годна пераносілі выклікі лёсу, як заставаліся людзьмі ва ўмовах катаванняў. Хоча падзяліцца тым каштоўным духоўным досведам, які, як ён спадзяецца, спатрэбіцца ў будучыні для адстойвання Беларусі. Але нядаўняму вязню падаецца, што за мяжой ён цікавы толькі як пацыент.

Піша Севярын Квяткоўскі, пісьменнік, кіраўнік Фундацыі “Belarus 2020”.

Адкрыю непрыемную праўду для тых, хто не надта занураўся ў пытанні іміджу беларусаў за мяжой. Мы ў выгнанні ўсе “пацыенты”. Калісьці даўно нашая “хвароба” была бліжэй да венерычнай, бо “Лукашэнка” асацыюецца з пошасцю вульгарнага характару.

Пазней, калі акцыі пратэсту пайшлі ўстойлівым фонам і з’явіліся першыя палітуцекачы, мы сталі носьбітамі хірургічных пашкоджанняў. Маўляў, вунь жа, жывуць там людзі, але некаторых б’юць.

Я не ведаю колькі разоў пахавалі беларускае незалежнае грамадства на Захадзе, прывязваючы нас да Расіі, але мы не толькі не знікалі, але і пашыраліся як вольнадумная супольнасць.

Па-сапраўднаму моцная хваля рэпрэсій узнікла пасля Плошчы 2010 году.

Тут “хвароба” з непрыстойнай ці тэхнічнай ператварылася ў псіхіятрычную. Бо ў рацыянальным свеце жыць у “дурдоме” і не здавацца, выглядала не зусім здарова. Таму схема “беларус – пакутнік – жалоснік” засталася нязменнай.

Прыблізна так цяпер глядзяць на суайчыннікаў тыя, хто паспеў эвакуявацца без заезду ў камеру, ці з заездам ненадоўга.

Вядома, гаворка не пра ўсіх, але пра тэндэнцыю.

Што прапаную я: слухаць суайчыннікаў, якія не “проста так” сядзелі за кратамі. Яны заставаліся ў краіне, ведаючы, што могуць сесці, і гэта быў супраціў. І сядзелі, ведаючы, што сядзяць не дарэмна, што за іх сядзенне пасля будуць трымаць адказ супрацоўнікі з рэжымам.

Апроч веры ў немінуючую адплату, ёсць разуменне, што адплата не толькі дзеля эмацыйнага задавальнення справядлівасцю. Адплата лукашысцкаму боку – гэта запланаваны прэцэдэнт, які мусіць паставіць кропку ў крывавых танцах, распачатых яшчэ бальшавікамі.

І вось чалавек з падобнымі думкамі вырываецца на вольны прастор, хоча падзяліцца, а на яго глядзяць як на разбіты, а пасля склеены вазон: як бы функцыянал застаецца, але ўжо рэч не тая, не новая і не надзейная. “Наце вам бясплатны скоч для склейкі разбітых кавалкаў”.

Прыблізна так глядзяць на нас беларусаў у краінах нашага прыбывання. Не тое, каб усе. Толькі тыя, хто цікавіцца.

Я кажу: “Мы вас можам навучыць”. – “Чаму беларусы могуць нас навучыць?!” – “Быць рацыянальнымі ў вонкавай ірацыянальнасці. Калі ты спрабуеш змяніць рэальнасць на сваю карысць праз духоўны ўнутраны і калектыўны подзвіг”. – “..”. – “Вы ж расейцаў даўно нос у нос не бачылі, вы ж не разумееце якое старажытнае зло да вас паўзе. А мы яго стрымліваем, бо Лукашэнка проксі старажытнага крамлёўскага зла”. – “..”.

Але самае галоўнае, што не толькі сярэднестатыстычныя палякі ці немцы, але і некаторыя беларусы ў эміграцыі, не ўсведамляюць маштаб калектыўнага духоўнага чыну, які зрабілі беларусы ў 2020, і – самае галоўнае! – працягваюць рабіць цяпер.

Магчыма, што справа ў кліпавым мысленні, спароджаным інфармацыйнай рэвалюцыяй. Бо пра галоўнае трэба чытаць між радкоў, а цяпер ужо і радкоў асабліва няма. А між карцінак не ўбачыш.

Іншая праблема, што не маючы ні сваёй дзяржавы як сістэмы, ні свайго паўнавартаснага ўраду ў выгнанні, беларусы замежжа між волі пачынаюць глядзець на сябе вачыма людзей краіны, дзе жывуць. А гэта позірк з тых – далёкіх, да 2010 году, часоў. Бо масавая свядомасць інертная.

Усё, што нам пакуль застаецца, захоўваць і развіваць лепшыя рысы беларусаў як супольнасці: вытрыманасць, інтэлектуалізм, адказнасць, прафесійнасць, веру ў сябе.

Бо беларус – гэта брэнд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.