Беларусь ХХІ: Тысячы даносчыкаў КДБ і перспектывы люстрацыі. Піша Квяткоўскі

Будынак КДБ у Мінску
"Кіберпартызаны" заявілі, што мае па-над 2000 імёнаў “стукачоў” у КДБ Лукашэнкі. І што публікавацца імёны не будуць, але іх скарыстаюць для аператыўнай работы.
Чаму без публікавання збольшага зразумела. Ёсць прыклад колішняй ГДР, дзе часцяком супрацоўнікі спецслужбы Stasi запісвалі звычайных людзей у свае агенты дзеля паказухі і прыпісак. Чалавек сабе жыў і не ведаў, што хтосьці атрымаў прэмію за ўдалую “вербоўку”. Тут як са смяротным пакараннем – ёсць магчымасць памылкі, таму лепш перастрахавацца. Пытанне як надоўга?
Піша Севярын Квяткоўскі, пісьменнік, кіраўнік фонду “Belarus 2020”.
Я перакананы, што мы маем справу з гістарычнай падзеяй.
Рэч у тым, што прамаўляючы варыянты жыцця будучай Новай Беларусі, большасці спікераў арыентуецца назад. Так працуе мозг – выбірае з ужо вядомага.
Напрыклад, рыхтуючыся да люстрацыі, аўтары праектаў арыентуюцца на досвед ГДР, Чэхаславаччыны, Польшчы ды іншых краін “сацлагеру”. Не ўлічваючы, што новаўтвораныя ў канцы 1980-х дэмакратыі мусілі ў свае першыя свабодныя дзеянні сінхранізаваць з юрыдычнымі практыкамі Старой Еўропы, якая ўзяла іх пад сваё крыло.
То бок, адплата служкам камуністычных спецслужбаў была, але ў выніку патанула ў еўрабюракратыі з яе агульнай скіраванасцю на “заклапочанасць”, чым на канкрэтныя жорсткія крокі.
Але зірнем яшчэ далей у гісторыю. Думаю, шмат хто чуў пра злачынцаў у форме НКВД/МГБ СССР, маўляў, каты засталіся беспакаранымі, таму і лукашэнкаўскія такія самыя будуць.
Як для чэхаў ці палякаў, так і для беларусаў часоў СССР, улада была навязаная сілай звонку – з Масквы.
Але ж сёння мы бачым як пасля 2020 году ў міліцыю і КДБ прыходзяць абсалютна асэнсавана, цудоўна ведаючы як там займаюцца “палітычнымі”. То бок, разумеючы, што будуць служыць пахану, а не Канстытуцыі.
Пасля агляду рэтратэндэнцый зірнем на новае, адрознае ад былых часоў. Раней не было інфармацыйнай рэвалюцыі. А ў нас ёсць.
З аднаго боку, плады інфармацыйнай рэвалюцыі – гэта камеры відэаназірання і праграмы распазнавання твараў. А таксама агульнае павелічэнне тэхнічных спосабаў сачыць за чалавекам у сеціве ці праз сеціва.
З іншага боку, інфармацыйная рэвалюцыя – гэта магчымасць стварыць “Чорную мапу Беларусі”. Хто забыўся пра такую, пагугліце, усё на месцах. І ўсе. Усе імёны, зафіксаваныя яшчэ ў 2020 годзе і пазней.
“Стукачы і палачы” – усе на месцы. І вось у пэўны момант да мапы дададуцца тыя дзве тысячы добраахвотных памочнікаў карных органаў. Папярэдне спраўджаных ці не памылкова імёны занесеныя ў спіс.
І цяпер будзе не так важна якую канкрэтна формулу для Закону пра люстрацыю прыме парламент у Новай Беларусі. Бо пры прыёме на працу асобу можна будзе спраўдзіць у “Чорнай мапе Беларусі”.
Тое, чаго не было ні ў сталінскія часы, ні “за камунай” у “сацлагеру” – гэта татальная публічнасць з абодвух бакоў супрацьстаяння.
Нават калі ты ілжэсведчыў у судзе, будучы ў балаклаве на ўвесь твар, цябе адшукаюць у пратаколах і справаздачах, якія ўскрые хакер-падпольшчык.
Мы ўбачым новую канфігурацыю сацыяльных узаемаадносін, калі караць за тваё стукачаства будзе ўжо само жыццё.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.