"Складаныя пачуцці". Вы гатовыя дараваць даносчыкам, здраднікам і Бондаравай?

Таццяна Крапіневіч / @rubanau_collage
— Школа ... сёння там пуста. Але на пляцоўцы каля школы гуляюць дзеці, — кажа настаўніца матэматыкі Таццяна Крапіневіч.
Ужо некалькі месяцаў яна не была ў школьных класах. Яна можа дазволіць сабе толькі стаяць побач са школай і марыць, як аднойчы зноў зможа працаваць настаўнікам.
Таццяна з'ехала з Беларусі праз ананімны данос. Цяпер яна жыве ў Варшаве і чакае дакументы, з якімі зможа вярнуцца да працы — але ўжо ў польскай школе. Дарогу ў Беларусь для яе закрыў пост у Instagram, у якім было фота бел-чырвона-белай пасцілы. Таццяна даўно выдаліла гэты пост, але хтосьці паспеў зрабіць скрыншот — і праз тры гады даслаў гэтыя фота знакамітай беларускай праўладнай актывістцы Вользе Бондаравай.

Калі мы пытаемся ў Таццяны, ці хоча яна ведаць імя даносчыка, суразмоўніца задумваецца. З аднаго боку, яна хацела б ведаць імя чалавека, з-за якога перавярнулася яе жыццё. З іншага боку, яна не ўпэўненая, што хопіць сіл справіцца з гэтым веданнем.
Таццяна сядзіць у маленькім пакоі сваёй першай варшаўскай кватэры. Калі яна прачынаецца, у першыя секунды ёй здаецца, што за акном шуміць праспект Незалежнасці. Але ў апошні раз гэты шум яна чула ў снежні.
— А што, калі акажацца, што гэта вельмі блізкі чалавек? Хацела б ты пра гэта ведаць? — пытае сябе Таццяна.
Падобнымі пытаннямі каля сарака гадоў таму задаваліся немцы. Пасля падзення Берлінскай сцяны ў іх з'явілася магчымасць зазірнуць у дасье, якія збіралі на іх у Міністэрстве дзяржбяспекі (Штазі). І даведацца, хто пісаў даносы. Не ўсе адважыліся запрасіць у архіва сваё дасье.
Як немцы спраўляліся з гэтымі складанымі пачуццямі і як іх вопыт могуць прымяніць беларусы, разбіралася Еўрарадыё.
"Мой адвакат таксама быў даносчыкам"
Доктар-псіхааналітык Карл Хейнц Бомберг захоўвае сваё дасье ў падвале дома. Тут жа ў яго — гуказапісвальная студыя. Тэксты яго песень падшытыя ў дасье: Штазі ўважліва сачылі за тым, што ён спявае.
— "Ладзіў выступы і пісаў песні з палітычна негатыўным кантэнтам", — зачытвае Бомберг вытрымку з дасье. — Увогуле, улады спрабавалі сказаць мне, што я разбуральнік. Але я не быў разбуральнікам, я быў стваральнікам.
Я крытыкаваў паліцэйскіх, крытыкаваў немагчымасць выказваць сваё меркаванне ў ГДР. Але я крытыкаваў далёка не ўсё запар. Я бачыў і нармальныя рэчы ў ГДР. Напрыклад, я атрымаў выдатную адукацыю ў Лейпцыгу. Але так, многія рэчы, і асабліва-звязаныя з ідэалогіяй, у ГДР былі вельмі дурнымі.
Бомберг не хацеў з'язджаць з краіны — ён хацеў зрабіць яе лепшай. І ў выніку вакол яго стала з'яўляцца ўсё больш супрацоўнікаў Штазі. Адна з самых важных яго песень была пра сцяну, якая падзяляла Германію. Бомберг спяваў пра смяротную небяспеку для тых, хто спрабаваў перабрацца праз сцяну. Іх маглі застрэліць.

Адзін з запісаў гэтай песні трапіў на захад, і гэта стала фармальнай нагодай затрымаць доктара. Ён спадзяваўся, што зможа апраўдаць сябе, але калі архівы выявіліся, даведаўся, што нават ягоны адвакат быў шпіёнам. І не толькі ён: шпіёнам быў і журналіст, які пісаў пра яго, і ўладальнік гуказапісвальнай студыі, які зводзіў для яго запісы.
— Я быў акружаны інфарматарамі Штазі. І ў 90-х, калі архівы адкрыліся, я змог успомніць гэтую сітуацыю і прапрацаваць свае пачуцці.
Ужо пасля адкрыцця архіваў былыя даносчыкі шукалі сустрэчы з Бомбергам і прасілі ў яго прабачэння. Ён прызнае, што дараваць ім было нялёгка, таму што данос — гэта здрада.
Як псіхатэрапеўт, ён хоча аналізаваць матывы даносчыкаў. Кажа, што ў ГДР многія станавіліся інфарматарамі Штазі з-за страху перад дзяржавай. Хтосьці, наадварот, з адданасці ёй — некаторыя даносчыкі былі ўпэўненыя, што робяць карысць. А хтосьці перажыў цяжкае дзяцінства, і ў вобразе Міністэрства дзяржбяспекі бачыў вобраз дома і сям'і.

— Аднаго з інфарматараў, які даносіў на мяне, шантажавалі яго сынам. Гэта быў добры, цікавы чалавек. Я не змог працягнуць сяброўства з ім, але змог у нейкай ступені дараваць яму.
"Баяліся, што будзе хваля гвалту"
Пасля падзення Берлінскай сцяны ў медыя друкавалася шмат жудасных гісторый: людзі даведваліся, што інфарматарамі Штазі былі нават самыя блізкія. Жонка даведвалася пра мужа-шпіёна, а хтосьці выяўляў інфарматараў у коле блізкіх сяброў.
Доктар Аніта Кретцнер-Эберт вывучала архівы Штазі шмат гадоў. Яна ўпэўненая, што кожнаму варта пераадолець страх і зазірнуць у сваю гісторыю.
— Праца над мінулым у Нямеччыне шмат у чым атрымалася менавіта таму, што мы не сталі закрываць усе архівы, а, наадварот, вырашылі іх адкрыць.
Бо магло здарыцца так, што хтосьці ўсё жыццё думаў, быццам яго бацька ці сябар былі вінаватыя ў чымсьці страшным, і з-за гэтага гадамі трымаў з імі дыстанцыю. А насамрэч усё магло быць зусім інакш. І толькі зазірнуўшы ў дакументы, можна даведацца праўду.
Мы хацелі атрымаць урокі з мінулага, а не, як пасля нацызму, проста закрыць усё на замок і сказаць: "Пра гэта больш не гаворым". Наадварот, мы свядома выбралі іншы шлях.
Вядома, былі страхі — што будзе хваля гвалту, помсты, распраў... Але гэтага не адбылося. Замест гэтага ўжо больш за 20 гадоў ідзе грамадская праца над мінулым, жывое абмеркаванне, якое сапраўды многае змяніла і прасунула грамадства наперад. І я абсалютна перакананая: гэта было правільна і неабходна.
Доктар Кретцнер-Эберт кажа, што фокус грамадскай увагі дарэмна зрушыўся на гучныя гісторыі пра інфарматараў Штазі ў коле сяброў і сям'і.
— Увагу многіх прыцягнулі самыя гучныя выпадкі, але, даследуючы архівы, я выявіла, што гэта былі хутчэй рэдкія выключэнні. Даносы, як правіла, адбываліся ў прафесійным асяроддзі. Грамадства ГДР было пабудавана вакол працы, вось людзей і кантралявалі ў асноўным праз працу або праз школу. А каб кагосьці ўкаранялі ў кола сяброў — гэта было вельмі рэдка.
Ці можна судзіць стукачоў?
Немцам не ўдаліся судовыя працэсы над інфарматарамі Штазі. Прайшло толькі некалькі такіх судоў, пры тым што маштаб распаўсюджвання даносаў у ГДР быў велізарным.
— Дамагчыся абвінаваўчага прысуду ўдалося толькі ў адзінкавых выпадках - на фоне сотняў тысяч падобных гісторый гэта, вядома, вельмі мала. Вельмі складана сумясціць старое права дыктатуры з крымінальным правам дэмакратычнай Германіі.
Немагчыма было паўнавартасна судзіць за тое, што ў ранейшай сістэме не лічылася злачынствам. Менавіта таму такую важную ролю адыграла грамадская праца: публікацыі ў газетах, дакументальныя фільмы, навуковыя даследаванні.
Акрамя таго, існавалі дыскусійныя групы, дзе сустракаліся ахвяры і былыя датычныя — каб пагаварыць, абмяняцца вопытам. Грамадства імкнулася ўсвядоміць, якія наступствы можа мець дыктатура для жыцця людзей і для ўсёй краіны ў цэлым. І менавіта гэта стала галоўнай формай асэнсавання мінулага.
Доктар Бомберг згаджаецца: як псіхааналітык, ён імкнецца лячыць прычыны праблемы. А прычыны ляжаць у сістэме, якая падахвочвае людзей пісаць даносы.
Каб лепш зразумець, з якімі "складанымі пачуццямі" сутыкнецца беларускае грамадства пасля падзення рэжыму, глядзіце фільм Еўрарадыё.
Ці гатовая Таццяна Крапіневіч дараваць даносчыка, які разбурыў яе жыццё ў Беларусі — і ці гатовыя даносчыкі прасіць прабачэння?
Пры падтрымцы "Медыясеткі"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.