Рэпрэсіі ўжо нельга ацэньваць па колькасці палітвязняў — сацыёлагі

Акрэсціна, архіўнае фота

Акрэсціна, архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, але цяпер іх жорсткасць нельга ацэньваць толькі па колькасці палітвязняў. Да такой высновы прыйшла Беларуская сацыялагічная група, вывучыўшы статыстыку і тэндэнцыі 20205 года.

Колькасць новых палітвязняў з 2022 года штогод зніжаецца. Напрыклад, у 2025-м палітвязнямі было прызнана 448 чалавек, а за год да таго — 593 чалавекі. Але на гэта могуць уплываць боязь сваякоў камунікаваць з праваабаронцамі і зацягнутасць працэдуры прызнання палітвязнямі.

Таксама зменшылася колькасць ліквідаваных НДА — з 385 ў 2024-м да 107 ў 2025-м. Зніжэнне склала 74%. "Такая лічба тлумачыцца вельмі проста — за папярэднія гады закрылі амаль усіх, хто, па меркаванні рэжыма, быў недастаткова лаяльным", — канстатуюць у БСГ.

У 2025-м зменшылася колькасць судоў па "экстрэмісцкіх матэрыялах" (хаця па выніках году яны ўсё адно склалі 5% ад усіх разгледжаных спраў) і саміх новапрызнаных "экстрэмісцкіх матэрыялаў". Як адзначаюць у БСГ, прычына ў тым, што судам становіцца ўсё цяжэй знаходзіць новыя з'явы, якія можна аднесці да "экстрэмізму". 

Запаволіўся і прырост "эстрэмісцкіх фармаванняў": у 2024 годзе такі статус атрымалі 83 арганізацыі, а ў 2025-м — 58. Прычым у "экстрэмісцкія фармаванні" сталі залічваць падструктуры ініцыятываў, якія прызналі "экстрэмістамі" раней.

Затое стала расці колькасць людзей, якіх прызналі "экстрэмістамі" і "тэрарыстамі". У параўнанні з 2024-м летась "экстрэмістаў" стала больш на 16% (1335 супраць 1146), а "тэрарыстаў" — адразу на 40% (219 у 2025-м пры колькасці паміж 156 і 172 у перыяд з 2022-га па 2024-ы).

У БСГ адзначаюць, што колькасць рэпрэсій змяншаецца там, дзе прастора ўжо зачышчаная — напрыклад, у сферы НДА і лічбава-інфармацыйнай прасторы. Але "ў сферах з неабмежаванай колькасцю аб’ектаў для ціску рэпрэсіі дасюль нарошчвацца", што бачна па прыросце "экстрэмістаў" і "тэрарыстаў". Рэпрэсіі працягваюцца, змяншаючыся ў адных сектарах і ўзмацняючыся ў іншых.

Пры гэтым сферы права і правапрымянення захоўваюць сістэмна рэпрэсіўны характар. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.