"Трошкі пераацанілі свае магчымасці" — Каранік сказаў пра беларускі электракар
Гэты "канкурэнт Тэслы" паказвалі Лукашэнку ў 2020 годзе / БЕЛТА
У Беларусі "пераацанілі свае магчымасці" ў стварэнні ўласнага электрамабіля. У гэтым прызнаўся цяперашні кіраўнік Нацыянальнай Акадэміі навук Уладзімір Каранік у эфіры тэлеканала "Беларусь 1".
Ён заявіў пра наяўнасць прататыпа беларускага электракара. Але першапачаткова гаворка ішла пра "стварэнне кампанентнай базы электратранспарту". І гэта, маўляў, ствараецца: "Электрарухавікі, рэдуктары, якія таксама тут ёсць, інвертар".
А вось з электрамабілем атрымалася не так гладка. І кіраўнік НАН растлумачыў прычыны: "Напэўна, трошкі пераацанілі свае магчымасці. Не да канца адштурхоўваліся ад таго, што пасажырскія аўтамабілі — гэта ўсё ж такі вельмі шмат сістэм бяспекі, гэта мультымедыя, сілавы каркас. Спроба свае напрацоўкі вось так адразу інтэграваць у былую бензінавую машыну, на жаль, не прывяла да добрага спажывецкага выніку".
Напрацоўкі, паводле яго, не застануцца незапатрабаванымі і будуць выкарыстоўвацца ў камунальнай тэхніцы і аўтамабілях спецпрызначэння. "Гэта наша распрацоўка, экскурсійны аўтобус для батанічнага сада, які цяпер праектуецца і будзе вырабляцца, электратранспарт складскі, электракары для аэрапортаў. Мы знайшлі сваю нішу", — заявіў Каранік.
А айчынным электрамабілем ён назваў прадукцыю, якую выпускае беларуска-кітайскі завод "БелДжы".