Дзяржкантроль знайшоў у Акадэміі навук карупцыю ў распрацоўцы электрамабіля
Нацыянальная акадэмія навук / БЕЛТА
Карупцыю і "адкаты" выявіў Камітэт дзяржкантролю падчас праверкі ў сістэме Нацыянальнай акадэміі навук.
Карупцыйныя схемы выявілі ў Аб'яднаным інстытуце машынабудавання, дзе займаліся распрацоўкай электрамабіля. "Намеснік дырэктара прапанаваў дырэктару схему ўзбагачэння, пры якой частка сродкаў, вылучаных на распрацоўку электрамабіля, выплачвалася дзевяці супрацоўнікам. Затым палова гэтых сродкаў забіралася і дзялілася паміж дырэктарам, намеснікам дырэктара, галоўным бухгалтарам і эканамістам. Пры гэтым ільвіную долю забіраў сабе намеснік дырэктара", — расказаў падрабязнасці старшыня КДК Васіль Герасімаў.
Калі тэма электрамабіляў вычарпала сябе, карупцыянеры выкарысталі такую ж схему ў распрацоўцы вадародных сілавых установак. "Выкрытыя і іншыя факты, якімі цяпер даецца ацэнка", — дадаў кіраўнік КДК.
"Адкаты" праверка знайшла ў дзейнасці ААТ "НВА Цэнтр". Паводле Герасімава, дырэктар аднаго з філіялаў плаціў за заступніцтва дырэктару ўсяго аб'яднання і сам браў "адкаты" ад пастаўшчыкоў. Прычым раней згаданы дырэктар кіраваў іншым філіялам і быў асуджаны за хабар.
Схему з прэміямі выявілі і ў Інстытуце біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў. Паводле Герасімава, у інстытуце выплачваліся прэміі за нібыта праведзеную распрацоўку, а потым частку прэмій вярталі. Таксама выявілася, што інстытут аформіў заказ Гродзенскаму медуніверсітэту, які атрымаў 20 тысяч рублёў, а ў Інстытуце біяхіміі засталося 168 тысяч рублёў.
"Адкаты" дырэктару знайшлі і ў дзіцячым аздараўленчым лагеры "Фатон" Нацыянальнай акадэміі навук. Іх плацілі будаўнікі за права весці будаўнічыя работы.
Герасімаў падкрэсліў, што праца па астатніх фактах яшчэ працягваецца.