Абарот бізнесаў сям’і Лукашэнкі ў 2024 годзе перавысіў 800 мільёнаў еўра — Бюро
Расследавальнікі раскрылі даходы родзічаў і блізкага атачэння Лукашэнкі / LookByMedia
За апошнія дваццаць гадоў у Беларусі і Расіі з’явілася больш за два дзясяткі розных бізнесаў, цесна звязаных з сям’ёй Аляксандра Лукашэнкі. Іх абарот толькі за мінулы год перавысіў 800 мільёнаў еўра. Такія лічбы прыводзіць "Бюро Медыя" ў сваім новым расследаванні, прысвечаным даходам сваякоў Лукашэнкі.
Сям’я займаецца паліграфіяй, перапрацоўкай рыбы, валодае рэстаранамі, радыёстанцыямі, алкагольнымі крамамі, гандлюе самазваламі. І гэта, не ўлічваючы заробкаў, якія яны атрымліваюць, займаючы дзяржаўныя пасады.
Так, напрыклад, Віктар Лукашэнка за 16 гадоў атрымаў з бюджэту ў выглядзе заробку ў Савеце бяспекі 267,5 тысячы еўра да выліку падаходнага падатку і адлічэнняў у ФСАН.
За ўвесь час знаходжання на пасадзе прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка выплаціў сабе ў выглядзе заробку амаль 121,5 тысячы еўра.
Але не толькі заробак з’яўляецца крыніцай яго даходаў. Так, НАК валодае кампаніяй "Лебяжы парк", якая займаецца, у тым ліку, і рэстараннай дзейнасцю.
У 2025 годзе "Лебяжы парк" атрымаў дзяржаўных заказаў на суму крыху больш за 415 тысяч еўра. З 2020 па 2025 год "даччыная" кампанія НАК набрала тэндараў на суму больш за 1,5 мільёна еўра.