“Будуць наступствы”. Гісторыя беларускі, якая зрабіла аборт у дзяржклініцы

"Вечарам я сустрэлася з партнёрам. Ён плакаў, а я яго супакойвала..."

"Вечарам я сустрэлася з партнёрам. Ён плакаў, а я яго супакойвала..." / unsplash.com

— Спачатку ты прымаеш няпростае для сябе рашэнне, потым ідзеш да свайго педыятра, затым — да ўчастковага гінеколага, а пасля — на саму аперацыю. І паўсюль — асуджальныя позіркі, намёкі і ўгаворы захаваць цяжарнасць. Як я сябе адчувала? Нібыта мяне больш няма. Нібыта маё цела перастае быць маім…

З беларускай Вікторыяй [імя зменена], якая больш за 20 гадоў таму прайшла праз вакуумную аспірацыю ў мінскай дзяржаўнай паліклініцы, мы пазнаёміліся падчас абмеркавання ў сацсетках навіны пра магчымую забарону абортаў у прыватных медцэнтрах. Трыгерам стаў пост Мікалая Дзядка, у якім экс-палітвязень напісаў: “Па факце аборт — гэта забойства, з якога боку на гэта ні паглядзі”.

— Мужчынам з такой пазіцыяй марна тлумачыць нешта пра правы чалавека, але гэта не значыць, што мы павінны маўчаць, — пераканана суразмоўца Еўрарадыё. Вікторыя пагадзілася падзяліцца сваёй гісторыяй — па сутнасці, яшчэ раз прайсці шлях ад моманту, калі яна даведалася, што можа стаць маці, да першых гадзін пасля аперацыі і рашэння зноў зацяжарыць.


Партнёр сказаў: “Блін, я не пацягну”

— Гэта быў пачатак 2000-х. У мяне быў пастаянны партнёр і сур’ёзныя адносіны з разлікам на шлюб. Тады яму было 22 гады, ён вучыўся. Мне — 25, я выкладала ў іншай навучальнай установе.

Зацяжарыла выпадкова — недзе недастаткова засцерагліся, быў момант — і ўсё.

Калі я сказала партнёру, ён спачатку прамармытаў: “Блін, я не пацягну, — а потым дадаў: — А можа, мы можам нешта зрабіць?” І вось гэтае “нешта зрабіць” у выніку цалкам і поўнасцю лягло на мае плечы.

Для мяне выбар тады быў даволі відавочным: гэта будзе аборт. Хаця, вядома, ад партнёра хацелася б пачуць іншае. Проста пачуць іншае.

Я сама з сям’і, дзе было чацвёра дзяцей, але не было бацькоў. У сэнсе — не было мужчын, якія б пастаянна прысутнічалі. Я выдатна разумела, як цяжка расціць без грошай.

Яшчэ ў падлеткавым узросце я сказала сабе: у мяне ніколі не будзе дзіцяці па-за шлюбам. Дзіця ў мяне будзе тады, калі я змагу яго ўтрымліваць. Бо даць дзіцяці тое, у чым жыла я, — не, такога я не хацела.

Усё гэта дадалося да абставін, якія ўжо склаліся.

“Будут последствия”. История белоруски, которая сделала аборт в госклинике
Нельга проста прыйсці на вакуум у дзяржаўную ўстанову / unsplash.com

Лекары не проста адгаворвалі — яны цягнулі час

Я вельмі добра памятаю свой стан у той момант, калі рашэнне ўжо было прынята. Гэта не было спакоем. Гэта было нешта накшталт выключэння. Цяпер я разумею, што гэта была дысацыяцыя. Адчуванне, нібыта ты не ў сваім целе. Бо ў гэтым целе ёсць нешта чужое.

Ты мыешся ў душы — і адчуваеш жудасны разрыў. Нібыта псіхіка асобна, цела асобна. Тады мне нават прыходзіла ў галаву дзіўная думка: напэўна, трансгендарныя людзі адчуваюць сябе так жа. Гэта вельмі страшна.

Плюс пастаянны страх не паспець. У маёй сям’і ёсць лекар, таму я выдатна разумела розніцу паміж вакуумам і абортам — ступень умяшання, наступствы. Я таксама разумела: калі не паспею, усё будзе значна больш жорстка.

Са стыпендыяй студэнта ў майго партнёра і маёй зарплатай выкладчыцы думка пра прыватную клініку мне нават не прыходзіла ў галаву.

Вакуум можна было зрабіць у звычайнай паліклініцы, і гэта быў яшчэ адзін пласт жаху — абсалютная бездапаможнасць. Ты не можаш проста прыйсці і зрабіць усё хутка і нармальна. Ты вымушана праходзіць увесь гэты шлях, і, пакуль ты яго праходзіш, цябе трасе ад страху, што ты не паспееш.

Нельга проста прыйсці на вакуум у дзяржаўную ўстанову. Спачатку ты ідзеш да ўчастковага, потым — да гінеколага. А гэта значыць — запіс, чэргі, чаканне і… страта часу. І ўвесь гэты час унутры — паніка.

Калі я нарэшце трапіла на прыём, сказала проста: па тэсце я цяжарная, мяне ванітуе, я хачу вакуум. І вось тут пачалося.

На цябе глядзяць не проста з асуджэннем. На цябе глядзяць як на чалавека, які робіць нешта жахлівае. Ніхто не пытаецца, чаму. Ніводзін чалавек. Нават нягледзячы на тое, што перад імі картка — яны бачаць, якімі дозамі і чым мяне толькі што лячылі.

Спачатку ўрач, потым медсястра. Потым іншы ўрач, іншая медсястра. І амаль ва ўсіх — адзін і той самы пасыл. Толькі рознымі галасамі.

Урач — холадна і жорстка: “Вы ж будзеце шкадаваць. Гэта першая цяжарнасць — будуць наступствы. Хутчэй за ўсё, вы не зможаце мець дзяцей”.

Медсястра — мякчэй, амаль па-мацярынску: “Ну, дзетка… так жа нельга…”

Гэта такая гульня — “дрэнны і добры паліцэйскі”, а табе 25 гадоў. Цяпер я разумею: у 25 ты яшчэ амаль дзіця. І пры гэтым ты адчуваеш на сабе жудасны прэсінг.

“Будут последствия”. История белоруски, которая сделала аборт в госклинике
Адразу па аперацыі пайшла чытаць лекцыі / unsplash.com

Другая цяжарнасць, посттраўма і высновы пра правы мужчын

Праз некалькі гадоў пасля гэтай гісторыі Вікторыя ўсё ж такі заручылася са сваім партнёрам. Да гэтага лекары падазравалі ў жанчыны анкалогію, і наша суразмоўца прайшла яшчэ сем колаў пекла, змагаючыся за сваё здароўе. Увесь гэты час партнёр заставаўся побач. Пасля велізарнай колькасці абследаванняў пара вырашыла рызыкнуць і зачаць дзіця. Нарадзілася дзяўчынка.

— Змяніць мінулае немагчыма, таму я ўжо глядзела на тое, як муж адносіўся да мяне падчас цяжарнасці, а потым — да дзіцяці, якое нарадзілася. Гэта сапраўды быў не тата, які дзе-небудзь спіць, пакуль мама ўсё вырашае, не. Ён быў цалкам уцягнуты ў працэс. Мы даўно не разам, але ў нас нармальныя, чалавечыя адносіны. Ён добры бацька. І гэта таксама для мяне важна.

Але перажыць траўму пасля першай цяжарнасці атрымалася не адразу. І ці магчыма яе перажыць?..

— Я ўсё роўна ўсё памятаю і, напэўна, каля дзесяці гадоў пасля аперацыі насіла ў сабе гэтае пачуццё віны, — кажа суразмоўца. — Першыя гады два мяне асабліва моцна штарміла. У снах я бачыла нібы свайго сына, спрабавала з ім размаўляць, прасіла прабачэння. Гэта была вельмі жорсткая посттраўма. Але, напэўна, яна дала мне больш сіл разважліва вырашаць сітуацыі перад другой цяжарнасцю — прыняць правільнае рашэнне, а не проста легчы на аперацыйны стол.

Сёння Вікторыя выразна адстойвае правы жанчын і сваё права на выбар:

— Можна абмяркоўваць з партнёрам, колькі дзяцей плануеце, калі іх, блін, плануеце, але канчатковае рашэнне заўсёды за мной — вырашаць буду толькі я. Усё астатняе — гэта спроба грамадства або дзяржавы адабраць у жанчыны права распараджацца сваім целам.

Любыя размовы пра тое, што “ты павінна” ці “ты не павінна”, любыя забароны для прыватных клінік — гэта фактычна аб’юз і гвалт. Ніхто не можа прымусіць мяне аддаць сваё цела, і гэта абсалютна жалезабетонна. Жанчына ўжо ёсць, плода — няма. І толькі жанчына нясе адказнасць за наступствы.

Ці яна займаецца сексам напрапалую і пасля гэтага робіць аборты, ці гэта нейкая іншая сітуацыя — няважна. Гэта не змяняе канцэпцыі як такой. Жанчына мае права распараджацца сваім целам. Кропка.

І вось тут узнікае мужык, які крычыць, маўляў, гэта “таксама яго права” — о, гэта прама мантра, і я сутыкалася з такім не толькі ў посце ў Дзядка. Калі ў бацькі таксама ёсць права на плод, дык спачатку паклапаціся пра свае абавязкі, перш чым казаць пра правы.

Калі б, напрыклад, ён зрабіў стопрацэнтную вазэктамію да таго, як падпісаў дамову з партнёркай аб цяжарнасці, і развязаў свае вузлы, тады можна было б нешта крычаць. А так, калі ты не зрабіў усё, каб жанчына не зацяжарала, — навошта ўвогуле рот адкрываеш?

P.S. Суразмоўца Еўрарадыё кажа, што магла б расказаць сваю гісторыю неананімна. Адзіная асцярога беларускі — гэта наступствы, з якімі яна баіцца сутыкнуцца ў краіне, дзе аборты забаронены на дзяржаўным узроўні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.