На пісьменніка Сашу Філіпенку пачалі яшчэ адну крымінальную справу
Саша Філіпенка / Euroradio
Чарговую крымінальную справу пачалі ў Беларусі на пісьменніка Сашу Філіпенку. Яго вінавацяць у "закліках да прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы" (арт. 361 КК).
Так сілавікі ацанілі яго інтэрв'ю YouTube-каналу "Обычное утро". Пра новую крымінальную справу Філіпенка напісаў на сваёй старонцы ў Facebook. Пісьменнік паведаміў, што па месцы яго рэгістрацыі ў Беларусі чарговы раз прайшоў ператрус.
"Падазраваны Філіпенка Аляксандр Аляксандравіч, паўторна выкарыстоўваючы інтэрнэт, даў інтэрв'ю пад назвай "забароненыя кнігі ў Беларусі: чаму нельга чытаць раманы Сашы Філіпенкі ці як усё ж такі прачытаць?" на канале "Обычное утро"... Вы нічога не пераблыталі — па новым артыкуле мне свеціць яшчэ 5-7 гадоў за тое, што я расказаў пра свае кнігі", — пракаментаваў Філіпенка.
Пасля 2020 года Саша Філіпенка пакінуў Беларусь. У лістападзе 2023-га па месцы яго рэгістрацыі ў Беларусі сілавікі зладзілі ператрус, неўзабаве пасля гэтага яго бацьку асудзілі на 13 сутак арышту. На пачатку 2025-га на Філіпенку пачалі крымінальную справу за "распальванне варожасці". Потым "экстрэмісцкімі матэрыяламі" прызналі яго кнігі "Чырвоны Крыж" і "Слон".