На выходных у Беларусі будзе мокры снег, а з панядзелка вернуцца маразы

Зіма, ілюстрацыйнае фота

Зіма, ілюстрацыйнае фота / МУС

У суботу, 7 лютага, у Беларусі будзе хмарна, паведамляе Белгідрамет.

На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу, па поўдні — з дажджом. Месцамі чакаюцца галалёд і слабы туман, на асобных участках дарог — галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўднёва-ўсходні, удзень — з пераходам на паўночна-ўсходні ад слабога да ўмеранага.

Уначы тэрмометры пакажуць ад -2 градусаў па паўднёвым захадзе да -10 па паўночным усходзе краіны. Удзень прагназуецца 1-7 градусаў марозу.

У нядзелю ўначы будзе воблачна з праясненнямі, удзень чакаецца пераменная воблачнасць. На большай частцы тэрыторыі Беларусі ўначы пройдзе снег, мокры снег, удзень па поўдні краіны – невялікі кароткачасовы снег. Уначы месцамі слабы будзе галалёд, на асобных участках дарог — галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўночна-ўсходні ўмераны, удзень — парывісты.

Тэмпература паветра ўначы складзе ад -5 градусаў па паўднёвым захадзе да -17 па поўначы краіны. Удзень сіноптыкі прагназуюць 7-13 градусаў ніжэй за нуль, у заходніх і паўднёвых раёнах будзе 4-6 градусаў марозу.

У панядзелак чакаецца ўзмацненне маразоў. Уначы тэрмометры пакажуць 18-24 градусы са знакам "мінус", месцамі будзе да 28 градусаў ніжэй за нуль, у асобных раёнах па захадзе Беларусі прагназуецца 16-17 градусаў марозу. Удзень будзе -8...-15 градусаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.