Працу вулічных ліхтароў у Гомелі скарацілі на 10 хвілінаў уначы
Асвятленне гомельскай тэлевежы адключылі / фота з акаўнту ў Threads
Час працы вулічных ліхтароў у Гомелі скарацілі, але нязначна. Іх сталі пераводзіць у начны рэжым на 10 хвілін раней, чым раней. Адключэнне святла адбываецца позна ўвечары, так што гэта амаль не стварае нязручнасцяў для гараджан, заўважыла выданне "Флагшток".
Таксама жыхары Гомеля заўважылі, што апошнімі днямі адключылі падсвятленне тэлевежы.
Такое рашэнне па эканоміі на вулічным асвятленні прынялі ў "Гомельгарсвятло", піша "Флагшток". Напярэдадні ў аблвыканкаме прайшла адпаведная нарадзе пад старшынствам кіраўніка вобласці Івана Крупко.
Выданне піша таксама, што ў райцэнтрах Гомельскай вобласці пасля 4 лютага карэкціроўкі вулічнага асвятлення таксама былі мінімальнымі.
Эканоміць на вулічным асвятленні днямі загадаў Аляксандр Лукашэнка. Пасля гэтага ў Мінску і шэрагу іншых гарадоў вулічныя ліхтары ўключылі толькі праз гадзіну пасля заходу сонца. Цёмныя гарадскія вуліцы ў час пік выклікалі абурэнне ў беларусаў. Яны кпілі з самадурства ўлады ў сацсетках і тэлефанавалі чыноўнікам, каб выказаць незадавальненне. У выніку ў Мінску гарадскія ўлады вырашылі ўключаць ліхтары на вуліцах у звычайны час.