У гомельскай жаночай калоніі №4 узніклі праблемы з вадой
Вада, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Аб праблемах з вадой у жаночай папраўчай калоніі №4 у Гомелі паведамляюць сваякі асуджаных жанчын.
Адміністрацыя калоніі забяспечыла асобны падвоз вады ў так званую "гасцініцу" для працяглых спатканняў на тэрыторыі калоніі. Як паведамляюць праваабаронцы з MayDay, у водаправоднай сістэме гэтых будынкаў вады няма ўжо некалькі дзён — ад пачатку моцных маразоў, калі тэмпература паветра апускалася да 24 градусаў ніжэй за нуль.
Сваякі асуджаных робяць выснову, што вады няма ва ўсёй калоніі. Але зняволеным абмяркоўваць гэтую тэму строга забаронена.
Папраўчая калонія №4 размяшчаецца на выездзе з горада ў Чыгуначным раёне Гомеля. Гэта былы пасёлак на гарадской ускраіне. У якасці пенітэнцыярнай установы выкарыстоўваецца з 1944 года.
Тым часам у самім Гомелі за пяць дзён маразоў, як падлічыла выданне "Штодзень", адбылося 16 камунальных аварый.