Каманда Калеснікавай абмяркоўвае ў Вільні зняцце санкцый — літоўскі палітолаг
Марыя Калеснікава, Інга Ругінене, Таццяна Хоміч / facebook.com/inga.ruginiene
Паплечнікі Марыі Калеснікавай сустракаюцца з літоўскімі палітыкамі і абмяркоўваюць магчымасць зняць санкцыі з Беларусі. Пра гэта ў размове з LRT расказаў палітолаг, кіраўнік літоўскага офіса Freedom House Віціс Юрконіс.
На яго думку, у Літве цяпер ствараюцца "перадумовы для абмеркавання магчымасці перагляду стасункаў з беларускім рэжымам". На гэта ўплывае ад'езд Святланы Ціханоўскай з Вільні, а таксама кантакты літоўскіх палітыкаў з іншымі беларускімі апазіцыянерамі, накшталт экс-палітзняволенай Марыі Калеснікавай.
Паводле Юрконіса, людзі з каманды Калеснікавай сустракаліся як з прадстаўнікамі кіруючай кааліцыі, так і апазіцыі, і актыўна працуюць над будучымі сустрэчамі. "Не сакрэт, што галоўным пунктам парадку дня з'яўляецца зняцце санкцый", — кажа ён.
На сустрэчы ў літоўскім урадзе Калеснікава прапанавала аднавіць рух цягнікоў і аўтобусаў паміж Беларуссю і Літвой. На гэта прэм'ер-міністарка Літвы Інга Ругінене заявіла, што цяпер не бачыць магчымасцяў для гэтага.
"Зразумелае памкненне апазіцыі даць людзям Беларусі больш магчымасцяў убачыць іншы лад, дэмакратычны лад, але пакуль мы дакладна не бачым магчымасцяў дазволіць больш паездак, перасячэнняў мяжы, мы пакуль не бачым магчымасцяў зрабіць адносіны больш цёплымі, пакуль бачым адназначную пазіцыю з боку Беларусі — гібрыдныя атакі, шары, нашы перавозчыкі не атрымліваюць назад свае аўтамабілі", — растлумачыла кіраўніца літоўскага ўрада.