Па справе аб кантрабандзе цыгарэт на метэазондах — у Літве 28 падазраваных

Кантрабандысцкі метэазонд, ілюстрацыйнае фота

Кантрабандысцкі метэазонд, ілюстрацыйнае фота / VSAT

4 лютага праваахоўнікі Літвы паведамілі, што ў рамках дасудовага расследавання па справе аб кантрабандзе цыгарэт на метэазондах выставілі падазрэнні 28 асобам. Сярод іх — магчымыя кіраўнікі злачыннага аб'яднання.

"На гэтым этапе расследавання ўдзельнічаюць 28 падазраваных", — перадае LRT словы пракурора літоўскай Генпракуратуры Артураса Урбяліса. Ён адзначыў, што групай кіравалі, верагодна пяцёра падазраваных.

Пракурор адзначыў, што гэта немаладыя жыхары Шальчынінкскага раёна, усе яны раней ужо мелі судзімасці, у тым ліку справы аб кантрабандзе або незаконным абароце акцызных тавараў. Усіх падазраваных затрымалі 2 лютага падчас маштабнай аперацыі.

Намеснік начальніка Бюро крымінальнай паліцыі Літвы Саўлюс Брыгінас дадаў, што падазраваныя, як мяркуецца, дзейнічалі сумесна са злачыннымі групоўкамі Беларусі.

Праблемы з прылётам кантрабандысцкіх аэрастатаў з цыгарэтамі пачаліся ў Літве ўвосень 2025 года. Праз іх некалькі разоў даводзілася спыняць працу Віленскага аэрапорта. Паведамлялася, што масавыя прылёты паветраных шароў спыніліся пасля перамоваў ЗША з рэжымам Лукашэнкі. Аднак некалькі дзён таму Літва зноў паведаміла пра масавы прылёт метэазондаў. Літоўцы расцэньваюць прылёт такіх метэазондаў як сумесь кантрабанды з гібрыднай атакай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.