Прэм'ер Літвы абмяркоўвала беларускую сітуацыю з Марыяй Калеснікавай

Інга Ругінене

Інга Ругінене / LRT

Стасункі Літвы з Беларуссю наўрад ці пацяплеюць бліжэйшым часам, бо для Мінска ў кантактах з Вільняй "важней дэманстраваць сілу". Такое меркаванне выказала прэм'ер-міністр Літвы Інга Ругінене.

"Пакуль што я не бачу пацяплення ў гэтых адносінах і, верагодна, для гэтага няма прычын", — перадае LRT словы кіраўніцы літоўскага ўрада.

Ругінене кажа, што абмяркоўвала адносіны Вільні і Мінска з Марыяй Калеснікавай, якая знаходзіцца з візітам у Літве.

"Пакуль Беларусь праяўляе агрэсію, пакуль яна ўспрымае толькі мову сілы, бачыць, што на нас можа паўплываць толькі ціск, (...) мы сапраўды не бачым магчымасці хоць бы трохі "размарозіць" гэтыя адносіны. Мы не падтрымліваем зносіны на мове сілы і ясна пра гэта заяўляем", — падкрэсліла кіраўніца літоўскага ўрада.

З мінулага года рэжым Лукашэнкі дамагаецца ад Літвы сустрэчы на ўзроўні міністраў або намеснікаў міністраў замежных спраў — нібыта, каб развязаць пытанне з літоўскімі фурамі, якія не выпускаюць з Беларусі. Гэта адбываецца на фоне таго, што праз мяжу ляцяць кантрабандныя аэрастаты, праз якія Віленскаму аэрапорту перыядычна даводзіцца прыпыняць працу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.