У ноч на сераду па ўсходзе Беларусі будзе да -29 градусаў
Зіма, ілюстрацыйнае фота / t.me/kalinkovichi_news_official/
У сераду, 4 лютага, у Беларусі чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е, паведамляе Белгідрамет.
Будзе пераважна без ападкаў, толькі ўдзень па паўднёвым захадзе пройдзе кароткачасовы снег. Уначы і зранку месцамі чакаецца слабы туман. У асобных раёнах будзе галалёд, на дарогах — галалёдзіца. Вецер уначы прагназуецца няўстойлівы слабы, удзень — усходні, паўднёва-ўсходні ўмераны, месцамі на паўднёвым захадзе — парывісты.
Тэрмометры ўначы пакажуць 18-24 градусы са знакам "мінус", месцамі, а па ўсходзе ў многіх раёнах будзе 25-29 градусаў марозу. Сіноптыкі ў сувязі з гэтым абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі. Удзень чакаецца -10...-16 градусаў, па паўднёвым захадзе будзе 7-9 градусаў ніжэй за нуль.
У наступныя дні ўмовы надвор'я пагоршацца, папярэджваюць метэаролагі. 5 лютага на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць ападкі — снег, мокры снег, днём па паўднёвым захадзе магчымы дождж. Удзень у асобных раёнах па паўднёвым усходзе краіны прагназуецца моцны снег, мокры снег. Месцамі чакаецца галалёд, завіруха, на дарогах галалёдзіца. Вецер будзе паўднёва-ўсходні парывісты.
Тэмпература паветра ўначы складзе ад -7 градусаў па паўднёвым захадзе да -26 па паўночным усходзе. Удзень тэрмометры пакажуць 4-11 градусаў ніжэй за нуль, па паўночным усходзе будзе да 14 градусаў марозу. А ў заходніх раёнах прагназуецца 0...-3 градусы.