Буйная клініка ў Латвіі звольніла паўсотні работнікаў з пашпартамі РФ і РБ

Бальніца ў Даўгаўпілсе

Бальніца ў Даўгаўпілсе / Daugavpils reģionālā slimnīca

Даўгаўпілская рэгіянальная бальніца ў Латвіі звольніла 49 супрацоўнікаў з грамадзянствам Беларусі і Расіі, піша "Новая газета. Балтия".

29 звольненых адносяцца да малодшага і сярэдняга медперсаналу, а 20 чалавек былі работнікамі гаспадарчай службы. Акрамя таго ў лякарні разглядаюць яшчэ сем рашэнняў аб звальненні.

Звальненні былі праведзеныя ў адпаведнасці з законам "Аб нацыянальнай бяспецы", які рэгулюе абарону крытычнай інфраструктуры. Згодна з ім, грамадзяне Беларусі і Расіі не могуць працаваць на аб'ектах крытычнай інфраструктуры A, B і C альбо на крытычна важнай інфраструктуры еўрапейскага значэння, калі па працы маюць доступ да інфармацыі або тэхналагічнага абсталявання, істотнага для функцыянавання такой інфраструктуры.

Сітуацыю пракаментавала спецыялістка па грамадскіх адносінах бальніцы Юлія Касецкая. Яна падкрэсліла, што бальніца з'яўляецца аб'ектам крытычнай інфраструктуры, таму "абавязаная забяспечваць выкананне патрабаванняў нарматыўных актаў у сферы нацыянальнай бяспекі".

Агулам у клініцы працуюць каля 1700 чалавек. У шпіталі кажуць, што для ўкамплектавання штату плануюць абвясціць набор супрацоўнікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.