Беларусь ператварылася ў перадавую расійскую ваенную базу — разведка ЗША

Расійскія вайскоўцы на парадзе ў Мінску

Расійскія вайскоўцы на парадзе ў Мінску / LookByMedia

У аналітычнай даведцы разведкі ЗША ад 28 студзеня 2026 года, падрыхтаванай для Кангрэса ЗША, робіцца выснова, што Беларусь фактычна стала інтэграванай ваеннай прасторай у структуры расійскіх узброеных сіл ва Усходняй Еўропе.

Беларусь цяпер варта разглядаць не як слабога саюзніка Расіі, а як функцыянальнае працягненне расійскай ваеннай архітэктуры. Вызначальным момантам у гэтым працэсе стала прадастаўленне тэрыторыі Беларусі для наступу расійскіх войскаў на Украіну ў лютым 2022 года.

Пасля гэтага Расія атрымала пастаянны доступ да беларускіх ваенных баз, паветранай прасторы і лагістычных калідораў для нанясення ўдараў і разгортвання сіл — абставіна, якая, паводле ацэнак амерыканскіх аналітыкаў, мае доўгатэрміновыя наступствы для планавання бяспекі NATO.

Расія цяпер можа загадзя размяшчаць у Беларусі свае сілы, арганізоўваць іх ратацыю, аднаўляць падраздзяленні і рыхтаваць новыя разгортванні пад прыкрыццём вучэнняў.

У ўмовах зацяжнога канфлікту такі механізм мае істотную аператыўную каштоўнасць: ён скарачае час папярэджання, маскіруе сапраўдныя намеры і дазваляе падтрымліваць пастаянны ціск на поўнач Украіны, адначасова фармуючы ўстойлівы фактар пагрозы для Польшчы, Літвы і Латвіі.

Усё гэта падмацоўваецца інтэграцыйнымі працэсамі ў межах Саюзнай дзяржавы. Паводзіны цяперашняй улады ў Беларусі зніжаюць верагоднасць палітычнага разрыву з Расіяй у кароткатэрміновай перспектыве. Для Расіі гэта забяспечвае доўгатэрміновы доступ да беларускай тэрыторыі для планавання і падрыхтоўкі далейшых агрэсіўных дзеянняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.