У праграме супрацы Мінска і Пекіна праваленыя 17 пунктаў з 35 — BELPOL

Кітайскія транзітныя грузы

Кітайскія транзітныя грузы / infotrans.by

Праграма эканамічнай супрацы Беларусі з Кітаем правалілася. Пераважная большасць заяўленых праектаў альбо праваленыя, альбо замарожаныя, альбо адхіленыя кітайскім бокам. Гэта вынікае са свежай справаздачы Мінэканомікі Беларусі, якая аказалася ў руках арганізацыі былых сілавікоў BELPOL.

У праграме было 35 мерапрыемстваў, і яна была разлічаная на тры гады. Ужо да пачатку 2025 года 17 з іх былі знятыя з кантролю. Як тлумачыць BELPOL, у перакладзе з бюракратычнай мовы гэта азначае, што праект ці зачынілі без публічнага прызнання правалу, ці ён не даў ніякага выніку і пра яго вырашылі больш не згадваць.

Сярод такіх праектаў называюць наступныя: тэрмінал для беларускіх калійных угнаенняў у Цяньцзіні, фармацэўтычны кластар, сумесныя вытворчасці угнаенняў, праекты аўтазборкі, авіярэйс з Мінска.

У афіцыйных фармулёўках гэта гучыць так: кітайскі бок "адмовіўся ўдзельнічаць" у стварэнні фармацэўтычнага кластара, "не праявіў цікавасці" да адкрыцця філіяла ўніверсітэта ў Беларусі, "не падтрымаў" стварэнне індустрыяльных субпаркаў, "не пайшоў" на зборку аўтамабіляў HONGQI, "не прафінансаваў" адукацыйныя праекты Alibaba, "не пагадзіўся" на запуск авіямаршруту Чунцын-Мінск, спаслаўшыся на санкцыйныя рызыкі.

Індустрыяльны парк "Вялікі Камень" які прапаганда гадамі падае як галоўны сімвал беларуска-ктайскага эканамічнага цуду, таксама ў справаздачы Мінэканомікі выглядае іначай.

"Субпаркі ў рамках праекта так і не ствараюцца. Буйныя вытворчыя кластары не фармуюцца. Пераважная большасць актыўнасці абмяжоўваецца перамовамі, мемарандумамі і візітамі дэлегацый. Рэальных запускаў — адзінкі. Самы прыкметны з іх — зборка халадзільнікаў Midea",пералічваюць у BELPOL.

Асобным блокам ідуць спробы стварыць сумесныя аўтапраекты. Афіцыйны мінск вёў перамовы з Changan, затым з Dongfeng, паралельна шукаў іншых партнёраў. Але вынік усюды адзін: "Кансенсус не дасягнуты".

Фактычна дзейнічае толькі адзін напрамак супрацы — транзіт кітайскіх грузаў праз Беларусь у Еўропу.

У справаздачы завуалявана згадваюцца прычыны такога правалу, адзначае BELPOL. Гэта:
— санкцыйныя рызыкі, праз якія кітайскія кампаніі асцерагаюцца другасных абмежаванняў;
— малы рынак, нецікавы для кітайскіх карпарацый;
— фінансавыя абмежаванні, якія не дазваляюць Беларусі суфінансаваць нават адукацыйныя праекты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.