Работнікі паветранага транспарту перагналі па заробках айцішнікаў
Пілоты самалёта / Redsale
8906,4 беларускіх рубля — гэта сярэдняя зарплата работнікаў паветранага транспарту ў лістападзе. Статыстыкай падзяліўся Белстат. Са студзеня па лістапад 2025 года сума была больш сціплай — 7139,2 рубля. Рэальная зарплата (з улікам інфляцыі) прыкметна вырасла: у параўнанні з лістападам 2024 года рост склаў 38,9%, а па выніках 11 месяцаў — 22,5%.
У пасажырскім паветраным транспарце сярэдняя зарплата ў лістападзе дасягнула 9224,7 рубля, а за студзень — лістапад 2025 года — 7303,5 рубля. У грузавым паветраным транспарце заробкі былі ніжэйшымі: 6956,2 рубля ў лістападзе і 6155,3 рубля за 11 месяцаў.
Дарэчы, у сакавіку 2025 года работнікі грузавога паветранага транспарту сталі лідарамі па заробках у Беларусі, абагнаўшы айцішнікаў. Магчымай прычынай называлася тарыфная вайна ЗША амаль з усім светам. "Магчыма, нейкія кампаніі спяшаліся завяршыць здзелкі да таго, як новыя пошліны будуць уведзены, для чаго ім спатрэбілася тэрмінова перавезці нейкія тавары", — меркавалі эксперты.
Па дадзеных на жнівень 2025 года сярэдні заробак работніка IT-сектара ў Беларусі склаў 7172,8 рублёў.