Святлана Ціханоўская ў эфіры Еўрарадыё — далучайцеся да стрыма ў 16:00!
Святлана Ціханоўская / Euroradio
Пасля пераезду з Вільні ў Варшаву Святлана Ціханоўская паспела не толькі наведаць шэраг тутэйшых ініцыятыў, шэлтараў ды культурніцкіх імпрэз, але і паўдзельнічаць у слуханнях перад дэлегатамі Каардынацыйнай рады ды правесці сустрэчы з мясцовымі палітыкамі. І ўсё гэта адбываецца не проста ў перапынках паміж замежнымі візітамі, але і на фоне чарговай хвалі крытыкі і вострых пытанняў, якія гучаць і ў яе адрас, і ў адрас дэмсіл агулам. Тым не менш, напярэдадні паездкі на Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы і ў чаканні візіту ў Кіеў для сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім (і не толькі), Ціханоўская не абмінула студыю Еўрарадыё.
Што насамрэч стала прычынай рашэнняў, якія змусілі яе і частку Офіса пераехаць у Варшаву, і як уся гэтая сітуацыя можа адбіцца на адносінах да беларускай дыяспары ў Літве? Два гады таму прагучала прапанова Офісу і Кабінету самараспусціцца, цяпер гучаць прапановы іх рэфармаваць — чаму створаныя структуры камусьці ўвесь час перашкаджаюць? Ці застаецца цікавасць у свеце да праблем Беларусі, і якія пытанні будуць уздымацца падчас сустрэчы з Зяленскім? Пра гэта і шмат што іншае мы і разважаем у жывым эфіры Еўрарадыё з кіраўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланай Ціханоўскай у 16:00.