Стала вядома, чаму ізраільская авіякампанія прыпыніла палёты ў Беларусь
Самалёт Arkia / Arkia
Ізраільская авіякампанія Arkia просіць Мінфін забяспечыць страхаванне рэйсаў у Мінск паводле маскоўскай мадэлі — каб працягнуць палёты ў сталіцу Беларусі.
Пра адкрыццё авіярэйсаў у Мінск Arkia абвясціла пры канцы 2025 года. Аднак неўзабаве кампанія адмовілася ад палётаў.
Згодна са звесткамі тг-канала "Навіны авіяцыі", пэўны час таму страхавыя кампаніі Еўропы змянілі ўмовы, спыніўшы страхавое пакрыццё авіярэйсаў у Беларусь на фоне геапалітычных падзей у рэгіёне.
Праз гэта была вымушана прыпыніць палёты і кампанія Arkia, якая толькі ў снежні паведаміла пра аднаўленне рэйсаў у Мінск.
Цяпер кампанія звярнулася ў міністэрствы замежных спраў і фінансаў з просьбай распаўсюдзіць дзяржаўную кампенсацыю авіяцыйнага страхавання на рэйсы ў Беларусь у адпаведнасці з мадэллю, якая прымяняецца да рэйсаў у Маскву.
Тым часам у Тэль-Авіў беларусы могуць даляцець самалётам авіякампаніі "Белавія". Рэйсы адноўленыя з 8 студзеня — амаль пасля чатырохгадовага перапынку.