АПК прыняў пастанову "Аб беларускім партызанска-супраціўным руху"

Група анарха-партызанаў на судзе

Група анарха-партызанаў на судзе / spring96.org

Аб'яднаны пераходны кабінет прыняў пастанову "Аб беларускім партызанска-супраціўным руху".

Удзельнікам супраціву, а таксама сем'ям загінулых змагароў прапануюць падтрымку і льготы ў новай Беларусі:
— штомесячную дапамогу і пенсію ў памеры не ніжэй за сярэднюю пенсію па краіне, з магчымым павелічэннем у залежнасці ад ступені страты здароўя;
— прыярытэтны доступ да неабходных відаў дапамогі: медыцынскай, рэабілітацыйнай і псіхалагічнай, — у дзяржаўных установах аховы здароўя, у межах існуючых працэдур і стандартаў аказання медыцынскіх паслуг;
— атрыманне дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў;
— ільготы пры прыёме (залічэнні) ва ўстановы адукацыі ўсіх узроўняў;
— бясплатную юрыдычную дапамогу;
— іншыя меры сацыяльнай абароны, якія вызначаюцца згодна з нацыянальным заканадаўствам і падыходамі, заснаванымі на міжнародных і еўрапейскіх стандартах.

Каментуючы гэтую пастанову, намеснік кіраўніцы АПК Павел Латушка заявіў: "Беларусы і беларускі працягваюць змаганне за дэмакратыю і незалежнасць Беларусі — гэта бясспрэчны факт. На жаль, сённяшняя дзяржава, узурпаваная рэжымам Лукашэнкі, стаіць па другі бок гэтай барацьбы і фактычна вядзе яе супраць тых, ад каго залежыць самое існаванне Рэспублікі Беларусь. Дадзенай пастановай Кабінет паказвае, як любая здаровая дзяржава павінна паводзіць сябе ў дачыненні да тых, хто за яе змагаецца".

Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы АПК Вадзім Кабанчук згадаў такія групы супраціву, як "рэйкавыя партызаны", анархісцкая група Аліневіча, "Чорныя салаўі".

"Мы звяртаем увагу на ўсе групы патрыётаў, незалежна ад інструментаў барацьбы, выкарыстаных імі. Мы падкрэсліваем, што цэнім той унёсак людзей і іх ахвярнасць", — адзначыў ён.

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы АПК Вольга Зазулінская адзначыла, што гэтая пастанова сведчыць аб прызнанні людзей, якія заплацілі высокую цану за незалежнасць і годнасць Беларусі. І дзяржава павінна ўзяць на сябе адказнасць за іх падтрымку.

"Дакумент задае аснову для далейшай працы: у яго межах будуць выпрацоўвацца канкрэтныя і рэалістычныя механізмы сацыяльнай дапамогі, рэабілітацыі і гарантый. Мы гаворым пра сістэмныя рашэнні, якія павінны стаць часткай палітыкі пераходнага перыяду", — падкрэсліла яна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.