Мінскіх манашак, якія збіраюць грошы на вайну, заўважылі ў Швейцарыі
Тавары, якімі гандлявалі мінскія манашкі ў Берне / zgv
У каталіцкай царкве Святой Тройцы ў швейцарскім Берне заўважылі манашак Свята-Елісавецінскага манастыра з Мінска. Там яны прадавалі свечкі, кнігі, кубкі і сувеніры — нібыта пад збор "для сіротаў".
Аднак не абышлося без скандалу. Пра гэта, як заўважыў канал "Хрысціянская візія", піша швейцарскае выданне Blick.
Свята-Елісавецінскі манастыр вядомы тым, што актыўна падтрымлівае расійскую акупацыю Украіны і збіраў дапамогу расійскім вайскоўцам.
Вернік і спецыяліст па Усходняй Еўропе Даніэль Хензелер заўважыў стэнд манастыра ў Берне і падняў трывогу. Ён напісаў пратэсныя лісты ў парафію, парафіяльную газету і епархію. Хензелер папярэдзіў аб рызыцы, што сабраныя ахвяраванні могуць пайсці на зусім іншыя мэты.
У выніку настаяцель бернскай царквы Марыа Хюбшэр заявіў, што мінскія манашкі атрымалі дазвол толькі на адзін ўік-энд. Ад працягу акцыі швейцарская царква ўстрымалася, каб пазбегнуць "асацыяцый, якія выклікаюць здзіўленне".